Мірослаў Янковяк заўважыў, што расійскія вучоныя з сярэдзіны ХХ ст. часта адмаўляюць беларускасць тых гаворак, якія мовазнаўцамі з сярэдзіны XIX ст. лічыліся беларускімі.
Супрацоўнік Славянскага інстытута Чэшскай АН і
старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра гісторыі геалінгвістыкі Інстытута літоўскай мовы польскі беларусіст Мірослаў Янковяк даўно мае амбітны план: аб’ехаць Беларусь па перыметры яе граніц і даследаваць стан беларускіх гаворак на памежжы з іншымі краінамі. Аднак цяперашняя геапалітычная сітуацыя ўскладняе гэту задачу.
Мірослаў Янковяк, вывучаючы беларускія гаворкі за межамі Беларусі, заўважыў, што расійскія вучоныя з сярэдзіны ХХ ст. часта адмаўляюць беларускасць тых гаворак, якія расійскімі і іншымі мовазнаўцамі з самага пачатку іх даследавання, г.зн. з сярэдзіны XIX ст., лічыліся беларускімі.
Нават шматвяковая русіфікацыя дагэтуль не сцерла беларускіх рыс гаворак на ўсход ад дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь.
Мірослаў Янковяк пацвярджае, што вопытныя расійскія дыялектолагі, з якімі ён сустракаўся ў Маскве, разумеюць, што на заходняй Смаленшчыне і ў іншых сумежных з Беларуссю раёнах Расіі распаўсюджаны беларускія гаворкі, нават калі яны і русіфікаваныя. Аднак у сваіх працах яны пішуць зусім процілеглае, што гэта быццам бы рускія гаворкі, уводзячы ў зман і іншых вучоных, і студэнтаў, і ўвогуле грамадскасць.
У той жа час, як сведчыць Мірослаў Янковяк, носьбіты беларускіх гаворак могуць не лічыць сябе беларусамі па нацыянальнасці. Яны называюць сябе рускімі на Пскоўшчыне і палякамі на Віленшчыне.
У сувязі з тым, што беларуская дыялектная мова аб’ектыўна функцыянуе на захадзе Расіі, на памежжы з Беларуссю, а некаторыя расійскія вучоныя гэтага публічна не прызнаюць або далікатна спрабуюць абмінуць гэты факт, Мірослаў Янковяк лічыць, што гэта ўжо не навуковы, а палітычны падыход.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё