Міра Лукша: На першы семінар “Белавежы” я прыехала з мамай
2024-11-29 15:25
Міра Лукша нарадзілася ў 1958 годзе ў Гайнаўцы, летась адзначала адразу два юбілеі – уласнае 65-годдзе і 50-годдзе літаратурнай дзейнасці. Практычна ўсё яе жыццё звязана з беларускай культурай, беларускай мовай, тыднёвікам «Ніва» і літаратурным аб’яднаннем «Белавежа». У тыднёвіку беларусаў Польшчы «Ніва» Міра працуе з 1985 года і з мінулага году ўзначальвае «Белавежу».
У размове з Васілём Кроква яна расказвае пра свае літаратурныя вытокі і пра ўласныя 19 кніг.
РР: Давай паспрабуем згадаць твае самыя пачаткі, вытокі. Як ты прыйшла ў літаратуру? Хто спрыяў табе на гэтым шляху?
Міра Лукша: Згадваецца першы момант, калі я вучылася ў школе ў Семяноўцы, памятаю, мне было можа гадоў дванаццаць, нашу царкву Святога Георгія наведаў мітрапаліт Васілій Дарашкевіч. А я напісала вершык, выступіла і прачытала яму той вершык па-беларуску. Ён пагладзіў мяне па галоўцы і кажа: «Дзетачка, пішы па-свойму». Такі момант быў, але ў тым узросце амаль кожны пісаў вершы.
Мне было гадоў трынаццаць, я працягвала пісаць вершы па-беларуску. І даслала іх у «Ніву». У «Ніве» з’явілася такая рубрыка, Георгій Валкавыцкі заснаваў, – «Парнасік». Нават невялічкі ганарарчык быў, памятаю, 5 злотых. І пасля «Парнасіка» ў многіх затым быў дэбют на літаратурнай старонцы «Белавежа», яна друкавалася ў першым нумары месяца на трэцяй старонцы. Там былі і дэбюты, і новыя творы, пераклады, друкаваліся таксама творы аўтараў з Беларусі. І таксама розная інфармацыя, датычная літаратуры. І калі мне было амаль 15 гадоў адбыўся мой дэбют. Гэта быў 1973 год. Але я ўжо друкавалася ў «Ніве» недзе паўгода. Я тады ўжо вучылася ў першым класе ліцэя. І з’явіліся ў «Ніве» таксама мой здымачак і караценькая інфармацыя. У той час дэбютавалі і Зоя Сачко, і
Міхась Андрасюк, ён крыху пазней,
Аня Кандрацюк, нават Яўген Вапа. І шмат асоб, якія затым у літаратуры не паяўляліся.
І калі ты патрапляў на старонку «Белавежы», то адразу лічылася, што ты сябар літаратурнага аб’яднання «Белавежа», і цябе ўжо запрашалі на семінары. Гэта былі такія, ну можна сказаць, нават варштаты. У снежні 1973 года на першы семінар я прыехала з мамай. Сустрэча ў нас была на Варшаўскай, 11 у БГКТ. І там я пазнаёмілася з усімі.
РР: І далейшы шлях – першая кніжка. Што гэта была за кніжка, як складана яна выходзіла?
Міра Лукша: Яна выйшла праз 10 гадоў пасля дэбюту. Я мела дэбют кніжкі ўжо пасля таго, як была шэфам «Белавежы». Кніжка выйшла, калі мне было ўжо 32 гады. Гэта быў зборнік прозы «Дзікі птах верабей», ён выйшаў у 1992 годзе.
РР: А як так здарылася, што ты ў такім узросце стала шэфам «Белавежы», нават не маючы сваёй кнігі?
Міра Лукша: Былі ў нас выбары. Ну неяк так і прагаласавалі. Старэйшыя мае сябры прымусілі мяне стартаваць. І прагаласавалі. Я адмаўлялася, бо нават кніжкі не маю. У той час вельмі цяжка было выдаць кнігу. Яна праходзіла праз тры цэнзуры. Міністэрства глядзела там кожнае слова, кожную коску. Нават у паэзіі.
«Дзікі птах верабей» – гэта не толькі мая першая кніга. Яна з праграмнай рады тыднёвіка «Ніва». Такі быў пачатак.
29 лістапада Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку ладзіць у кавярні «FAMA» адмысловую вечарыну ў гонар пісьменніцы Міры Лукшы. Пачатак а 18-й гадзіне.
Беларускае Радыё Рацыя