Мікіта Мелказёраў запусціў новы гістарычны праект
2023-08-31 21:18
«Адзіная з Расіяй гісторыя – гэта пра акупацыю, а не пра волю народу».
Вядомы беларускі блогер Мікіта Мелказёраў запусціў новы праект – КАЙЛІ МІНДОЎГ. Гэта канал пра незабытыя старонкі гісторыі Беларусі, беларускую беларускасць, гонар звацца нашчадкамі вялікіх сыноў Радзімы і асалоду ад ужывання і гучання роднай мовы.
У першым выпуску Мікіта паразважаў, чаму ж беларусы – гэта не рускія, гісторыя пра «брацкія народы» – гэта проста кавалак лайна, а адзіная з Расіяй гісторыя – гэта пра акупацыю, а не пра волю народу.
Аўтар у якасці прыкладу прывёў розныя гістарычныя постаці, якія для аднаго народу героі, а для іншага – антыгероі. «Калі так падумаць, Сувораў для нашых продкаў – гэта як Суравікін для ўкраінцаў. Мы праслаўляем ворага свайго народу, сапраўднага ката», – кажа Мелказёраў.
- Гістарычныя персанажы паказваюць розніцу паміж намі і расіянамі. Вось Напалеон Банапарт. Анёлам ён не быў, але разглядаў узнаўленне Рэчы Паспалітай і ВКЛ. У яго служылі каля 30 тыс. ліцвінаў. Стэфан Баторы, Януш Радзівіл, Касцюшка, Каліноўскі – нашы супергероі, а для Расіі – дзеці сатаны, бо яны былі яе апанентамі. Таму нашы гістарычныя наратывы не могуць суіснаваць аб’ектыўна. Гэта дзіўна, каб адна вуліца называлася іменем Касцюшкі, а іншая – Суворава, гэта натуральная шызафрэнія. У нас ёсць вучэльня імя Суворава – вынік ідэалагізацыі падпарадкаваных тэрыторый. Мы праслаўляем ворага свайго народу, натуральнага ката.
нг