«За беларускае жыцьцё...» — так называецца новая кніга пра Алеся Бяляцкага — праваабаронцу, палітвязьня, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру.
Кніга выйшла ў Беластоку, дзе жыве і працуе адзін са складальнікаў выданьня, літаратар і журналіст
Міхал Андрасюк.
Пагаварылі зь ім пра ідэю кнігі і зьмешчаныя ў ёй невядомыя раней матэрыялы, асобу Алеся Бяляцкага і ягоную адданасьць праваабарончай справе, веру ў сілу беларускай мовы і будучыя сустрэчы ў вольнай Беларусі.
Пра літаратуразнаўцу Бяляцкага
— Як і калі вы пазнаёміліся з Алесем Бяляцкім? Якое ўражаньне пра яго ў вас тады склалася?
— У траўні 1996 году ў Гайнаўцы ў Беларускім музэі адбыўся першы літаратурны сэмінар «Бязьмежжа». Мне тады было трыццаць сем, і я ня меў ніякіх значных літаратурных дасягненьняў. Чаму арганізатар сэмінару Яўген Вапа палічыў, што варта запрасіць і мяне, ня ведаю. А зь Беларусі прыехалі маладыя, але ж вядомыя ўжо пісьменьнікі: Адам Глобус, Ігар Бабкоў, Алесь Аркуш. З дакладам выступіў Алесь Бяляцкі, тады дырэктар Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча ў Менску. Пра што быў даклад, ужо ня памятаю, а вось самога Алеся — так. Сьветлавалосы малады мужчына.
Алесь Бяляцкі і Міхал Андрасюк. Падляшша. 2016 год
Размаўлялі зь ім некалькі хвілінаў — а ўражаньне, што былі знаёмыя шмат гадоў. І тыя іскрынкі ў вачах, калі пачынаў разважаць пра беларускую літаратуру, пра свой музэй, пра пляны на будучыню. Голас нібыта спакойны, мяккі, а запалоньвае слухача.
Аб праваабарончых прынцыпах
— У 2016-м, ужо пасьля вызваленьня з турмы, у якую Алеся кінулі за праваабарончую дзейнасьць, вы зноў сустрэліся і запісалі шмат гутарак.
— Так, зьменаў за два дзесяцігодзьдзі адбылося шмат. У дзевяностыя гады, калі мы толькі пазнаёміліся, здавалася, што ягоная адзіная дарога — літаратура і ўсё, што мае да яе дачыненьне. Але лёс вырашыў іначай. І ў гэтай сувязі тэмы размоваў з Алесем пашырыліся. Як ахвяраваць сваім дзеля агульнай справы? Што ў жыцьці важнае, а што найважнейшае? Што робіць чалавека моцным, што дапамагае выжыць у складанай сытуацыі — напрыклад, у турме? Шмат размаўлялі і пра асабістае. Раньняе дзяцінства ў Карэліі, шалёныя студэнцкія гады, каханьне, шлюб... Што цікава — Алесь быў пасьля турмы, але я не пачуў ні слова пра помсту несправядліваму правасудзьдзю, ніякіх заклікаў на барыкады. Узорны прыклад праваабаронцы. І нязьменная пазыцыя: рабіць сваю беларускую справу, нягледзячы на ўсе складанасьці.
Кніга пра Алеся Бяляцкага
Пра ідэю і выданьне кнігі
— А як паўстала ідэя з тых гутарак і інтэрвію зрабіць цяпер кнігу пра набэліянта?
— Spiritus movens выданьня — дырэктар Радыё Рацыя Яўген Вапа. Аказалася, што маем у архівах радыё шмат запісаў з Алесем. Запісваў я, запісвалі мае рэдакцыйныя калегі Юрка Ляшчынскі і Яна Запольская. А яшчэ ў нас зьявілася магчымасьць уключыць у кнігу лісты, якія Алесь пісаў сябрам, калі служыў у войску, — яны ніколі раней не публікаваліся.
Міліцыя затрымлівае Алеся Бяляцкага на сьвяткаваньні Дзядоў. Менск, 1988
Плянавалася, што кніга выйдзе ў сьнежні 2023-га, да першай гадавіны Алесевай прэміі. Тады не атрымалася, у асноўным зь фінансавых прычынаў. Мроілася выданьне на добрай паперы, прыязнае для вока ў графічным пляне, багата дапоўненае фатаздымкамі, таксама ніколі раней не публікаванымі. Варта было пачакаць год, каб зрабіць усё так, як хацелася.
Пра адкрыцьці ў асобе Бяляцкага
— Што ў гэтай кнізе, апроч раней друкаваных запісаў для Радыё Рацыя і тыднёвіка «Ніва», было для вас адкрыцьцём пра Алеся Бяляцкага?
— Безумоўна, лісты з войска. Сьпелы погляд маладога чалавека на Беларусь, заклапочанасьць сытуацыяй у беларускім грамадзтве і добрая арыентацыя ў тым, што адбываецца ў беларускай літаратуры. А чалавек жа ў войску, дзесьці за Ўралам, далёка ад Радзімы.
Алесь Бяляцкі з маці
— Ці паўплывала на вас асабіста і на вашу творчасьць асоба Алеся Бяляцкага? Калі так, то якім чынам?
— Бываюць хвіліны, калі задумваесься: а ці варта пісаць па-беларуску? Каму гэта трэба? І тады згадваюцца размовы з Алесем. Пра яго шлях да беларускай мовы, да беларускай гісторыі, культуры. І адказ знаходзіцца сам. Варта, бо за беларускае людзі сядзяць у турмах. Трэба працягваць беларускую справу, бо хто, калі ня мы?
Пра творчасьць у часе вайны
— Алесь Бяляцкі — двойчы палітвязень турмаў рэжыму Лукашэнкі. За краты ў Беларусі кінутыя тысячы грамадзянаў па абсурдных абвінавачваньнях. А Ўкраіну спрабуюць зьнішчыць расейскія агрэсары. Як у гэтай рэальнасьці пачуваецца пісьменьнік на Падляшшы, у якога літаральна пад бокам катуюць і забіваюць людзей?
— Я пражыў 65 гадоў, цягам якіх вайна ніколі не была так блізка, як сёньня. Наш сьвет зацяжараў вялікай вайной і рана ці позна народзіць яе. Глядзіш тэлебачаньне, слухаеш навіны і ўсьведамляеш, што нічога не залежыць ад цябе. Адзінае, што магу зрабіць, — выказаць словам свой пратэст супраць вайны, паказаць яе сюррэалістычны бок, агульны для ўсіх нас кацёл, у якім варацца кАты і ахвяры, жаўнеры і дзеці, героі і здраднікі. І паціху такая кніга набіраецца. Усе ранейшыя ідэі, задумы пайшлі «ў шуфляду». (Калі нехта зьбянтэжыўся, маўляў — што, ізноў пра вайну? — хачу супакоіць. Не, не пра Другую сусьветную, не пра Вялікую Айчынную. Пра вайну ў цэлым, як агульную для ўсіх трагедыю.)
Алесь Бяляцкі
Пра сустрэчы ў вольнай Беларусі
— Як вы ўяўляеце сваю сустрэчу з галоўным героем кнігі «За беларускае жыцьцё...»? Што вы яму скажаце? Што падорыце?
— У 2016 годзе я паказаў Алесю невялікі фрагмэнт маёй малой Бацькаўшчыны. Веру, што яшчэ паедзем у маю Войнаўку, пакажу Алесю, як падрасьлі яблынькі-грушы ды ўсякія экзатычныя хвойкі-елкі, якімі ён так захапляўся. Але я таксама ня супраць сустрэцца з Алесем у Менску. У нармальнай Беларусі, у Менску, які памятаю з пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагодзьдзя. Прагуляцца зь ім Траецкім прадмесьцем, пасядзець у Літаратурным музэі Максіма Багдановіча. Паразмаўляць пра тое, што наперадзе. Бо хочацца верыць, што самае лепшае ў нас там, у будучыні.
Хто такі Алесь Бяляцкі
Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.
Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.