Мікалай Клімовіч прадчуваў, што можа фізічна не перанесці зняволенне
2023-05-08 20:17
Палітвязень Мікалай Клімовіч прадчуваў, што можа фізічна не перанесці зняволенне. Літаральна ў мінулым годзе, пасля складанай аперацыі на сэрцы, ён займеў ІІ групу інваліднасці. Пра гэта ён даводзіў следчым, суддзі і пракурору, але яму ўся роўна ў лютым далі год зняволення за ўпадабанне ў сацыяльнай сетцы карыкатуры на кіраўніка краіны.
Перад прысудам, у гутарцы з нашым радыё, пінчук выказваў засцярогі:
– Мой дрэнны стан здароўя. Па-першае, я перанёс аперацыю на сэрцы. Калі мяне адправяць, там жа не будзе побач кардыёлага ці спецыяльнага чалавека, які будзе сачыць за маім станам па сэрцу. Там вызначаныя людзі, а мне трэба менавіта, каб былі побач кардыёлагі, таму што ў любы момант мне можа стаць дрэнна па сэрцу. Вялікая рызыка.
Сваякі палітвязня гавораць, што ніхто да апошняга не чакаў рэальнага тэрміна, усе схіляліся да ўмоўнага ці “хатняй хіміі”. Наўпрост не верылі, што бачачы стан здароўя, хтосьці возьме адказнасць накіраваць чалавека на верагодную смерць.
Беларускае Радыё Рацыя