Мікалай Бушко: Запрашаем усіх на фестываль „Гайнаўка 2023” у Беластоку!
2023-05-14 10:05
25-га траўня ў Падляшскай філармоніі у Беластоку распачнецца 42-гі Міжнародны фестываль праваслаўнай царкоўнай музыкі «Гайнаўка 2023». Штогод фестываль прыцягвае лепшыя калектывы з усяго свету, і сёлетні чатырохдзённы спеўны «марафон» не стане выключэннем. Удзел у конкурсе возьмуць 9 адмыслова адабраных хораў з Балгарыі, Грэцыі, ЗША, Казахстана, Латвіі, Малдовы, Румыніі, Украіны і Эстоніі.
Пагутырылі з дырэктарам фестывалю праваслаўнай царкоўнай музыкі «Гайнаўка 2023» Мікалаем Бушко пра тое, чым парадуе слухачоў праграма фестывалю, чаму ў сёлетнім конкурсе не ўдзельнічаюць хоры з Беларусі і ці зможа такую адсутнасць кампенсаваць па-за конкурсны канцэрт беларускай царкоўнай музыкі ў Беластоку:
- Нашыя мары, каб вярнуцца да нармальнасці, збыліся, хоць часткова. Мы пасля некалькіх гадоў зноў вяртаемся да арганізацыі фестывалю ў самую прыгажэйшую пару года ў маі, як і пачыналі ў 1982 годзе.
З 25-га па 28-га мая запрашаем на 42-і Міжнародны фестываль праваслаўнай царкоўнай музыкі «Гайнаўка 2023» у Беластоку.
РР: Што нас чакае ў гэтыя чатыры дні фестывалю?
Мікалай Бушко: У першы дзень традыцыйна святам адкрыцця фестывалю. Гэта будзе адкрыццё фотавыставы “Маэстра Пендэрэцкі і фестываль”, далей інагурацыйны канцэрт “Сакрум Усходу і Захаду ў музыцы Кшыштафа Пендэрэцкага”. Прагучаць царкоўныя творы пакойнага ўжо Кшыштафа Пендэрэцкага. Пасля два дні конкурсу, падчас якіх выступяць прадстаўнікі свецкіх і царкоўных хораў у двух катэгорыях – аматарскіх і прафесійных.
Будзе і асаблівы канцэрт. Дзякуючы падтрымцы ідэй з боку людзей, якія не з уласнай волі пакінулі сваю Радзіму, якіх групуе ў хоры “Канкордыя” Галіна Казіміроўская, мы вырашылі стварыць умовы і яна рыхтуе адмысловы канцэрт царкоўнай музыкі Беларусі „“Магутны Божа”. Пеўчая душа Беларусі”, дзе прагучаць і ананімныя творы. Вельмі рады, што пачнецца канцэрт творам з нашага Супрасльскага рэгіёну, прагучыць царкоўная малітва з манастыра ў Яблэчнай. Радуюся, што прагучаць творы Куліковіча, Равенскага і іншых кампазітараў, у тым ліку сучасных. Некаторыя кампазітары не са сваёй волі не выконваліся. Гэта датычыць таксама малітвы “Магутны Божа”. Хацеў бы, каб гэта была няпраўда, што гэты твор цяпер няможна спяваць. Дзякуючы фестывалю малітва пабачыла свет. Гэта гімн, які захавала беларуская дыяспара. І заўсёды падкрэсліваю, што аўтарам слоў была расейка – Наталля Арсеннева, якую я сустрэў у ЗША на сустрэчы беларусаў свету. Гэтую сустрэчу я ніколі не забуду. Я рады, што гэты гімн выконваўся самымі выдатнымі хорамі Беларусі.
Я сардэчна запрашаю ўсіх сустрэцца з беларускай царкоўнай музыкай. І перадусім адрасую запрашэнне да нашых сяброў, якія жывуць у Беластоку, на Падляшшы, у Польшчы, каб прыехалі, бо гэты канцэрт таксама для іх.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя