- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Клетка стаяла на самым ускрайку стала, адным сваім бокам прыціснуўшыся да сценкі. Над клеткай была ўмацавана лямпа, што нагадвала паскуднай формы струхнелы грыб. Яшчэ вышэй да сценкі прыляпілася невялічкая вузенькая палічка, на якой грувасцілася шкляная пасудзіна з нейкай д’ябальскай сумессю. Гэта была ежа для найбольш злавеснага стварэння на свеце — жоўтай масці папугаіхі Канчыты, што раз-пораз пранізліва верашчала, седзячы на жэрдцы ў той самай клетцы. Штодзень, павячэраўшы амаль нязменнай кашай з цвёрдымі, як арэхі, шкваркамі, я запальваў смярдзючую цыгарэту, сядаў бліжэй да клеткі, упіўшыся вачыма ў Канчыту. Гэтак мне было лягчэй зносіць віск пяцёх малых, якія, брыкаючыся, каталіся пад нагамі, бесперапыннае буркатанне маёй найдаражэйшай, якая, змалоўшы сваімі вострымі капыльскімі зубамі тыя рудыя шкваркі, амаль імгненна пачынала скардзіцца на лёс, на мужа (гэта значыць — на мяне), на звыклую адсутнасць грошай, на дзяцей, чые апранахі гараць на іх хутчэй за порах, на Канчыту, якая ўпарта раскідвае пер’е па ўсёй кухні. (фрагмент)