Мастачка Цемра: Нашае жыццё некалькі гадоў таму было празмерна лёгкім
2023-04-03 18:26
У Музеі Вольнай Беларусі працуе выстава беларускай мастачкі Цемры, якая праходзіць пад назвай LAZARET.
У сценах LAZARETа прадстаўлена калекцыя карцін і арт-аб’ектаў, створаных за апошнія тры гады ў трох краінах: Беларусі, Украіне і Польшчы. Ад масіўнага жалобнага вэлюму з малюнкам востра-колкага дроту 6х6 метраў, да карцін, якія спалучаюць скульптуру і жывапіс: кожная праца з’яўляецца адлюстраваннем агульнага вопыту беларусаў. Некаторыя з карцін, прадстаўленых на выставе, эвакуіраваны з Кіева ў пачатку вайны, што надае яшчэ адзін узровень значнасці і глыбіні эмацыйнаму падарожжу.
Сваю творчую дзейнасць Дар’я распачала пад канец 2018 году. Яна абрала псеўданім Цемра, які адлюстроўваў тэматыку яе прац.
-Я хацела ў сваім асяроддзі размаўляць на балючыя пытанні, пра якія людзі не хацелі нават гаварыць. Я зразумела, што я не аратар, што я не магу пераканаць людзей памяняць свой пункт гледжання, таму я вырашыла рабіць гэта праз карціны. І мне падалося, што гэты псеўданім пасуе да тэм, пра якія я расказвала. У той час я нават не ведала, у якіх цяжкіх умовах мы апынёмся праз некалькі гадоў. У той час мне давалася, што ў нас празмерна лёгкі падыход да жыцця. Хацелася больш грунтоўнага. Мне хацелася, каб людзі спрабавалі разабрацца ў пытаннях. І цяпер мы разабраліся. Складаным шляхам, але я бачу, што гэтая глыбіня стала нам адпавядаць, – расказвае мастачка.
Працы, выстаўленыя ў музеі, зробленыя за апошнія 2,5 гады ў Беларусі, Украіне і Польшчы. Карціны расказваюць пра апошнія «гады нашага жыцця, пра наш унутраны стан», гаворыць Цемра:
-Я ставіла перад самой мэту, каб людзі прыйшлі, паглядзелі, зрабілі пэўныя вынікі. Палекаваліся тым, што бачаць. Параўналі тое, што бачыць, са сваімі пакутамі ці сваімі поглядамі на эстэтычныя рэчы.
Выстава суправаджаецца арыгінальным тэкстам культуролага, журналіста і педагога Максіма Жбанкова. Працы можна глядзець на працягу двух тыдняў.
Поўная размова з Цемрай - у далучаным гукавым файле.
слухайце аўдыё
ав