У праваабарончай супольнасці добрая навіна: выйшаў пасля адбывання свайго тэрміну зняволення праваабаронца Леанід Судаленка. Ён правёў за кратамі лукашэнкаўскага рэжыму 2.5 гады. Леанід Судаленка – старшыня Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра „Вясна”, праваабаронца з 20-гадовым стажам.
Пра Леаніда Судаленку мы пагаворылі з нашай госцяй, паплечніцай Леаніда – Марыяй Тарасенкай.
РР: Леанід Судаленка, з якім вы супрацоўнічалі, выйшаў на волю. Леанід шмат працаваў у рэгіёне. Наколькі вы адчувалі за гэтыя гады яго адсутнасць.
Марыя Тарасенка: Гэта была самая радасная навіна за ўвесь час, які прайшоў з тых драматычных падзеяў 2020 года. Выйшаў выбітны праваабаронца нашага гомельскага рэгіёну, а таксама ўсёй Беларусі – Леанід Судаленка. Мы вітаем яго і вельмі рады гэтай падзеі. За той час, гэта роўна два з паловай гады, таму што затрыманы ён быў 18 студзеня 2021 года. І выйшаў толькі 21 ліпеня 2023 года. Шмат змянілася ў Беларусі. І змянілася ў горшы бок. Таму што вельмі пагоршылася становішча людзей у галіне правоў чалавека. І гэта вельмі жахліва для Беларусі. Таму адсутнасць Леаніда вельмі паўплывала на тое, што робіцца ў Беларусі. Знішчаецца свабода выказвання, груба парушаюцца правы чалавека, творацца вельмі жахлівыя рэчы. Таму мы, са свайго боку, вельмі стараліся зрабіць усё, каб палепшыць долю тых людзей, якія трапілі пад пераслед. Але нам не хапала досведу Леаніда, яго прафесійнага падыходу ў галіне правоў чалавека. Таму адсутнасць яго вельмі адчувалася.
РР: Што вы можаце сказаць пра яго заслугі ў галіне абароны правоў чалавека?
Марыя Тарасенка: Ён вельмі адважна ставіўся да сваёй працы, адказна ставіўся. Ён застаецца вельмі смелым чалавекам. Не баяўся ніколі брацца за складаныя справы ў галіне правоў чалавека. Я ўзгадваю справу школьніцы з Маладэчна, якая загінула на бульбяным палетку. Гэта было яшчэ ў 2017 годзе. Гэта было вельмі складаная справа. Ён вельмі мужна і адважна адстойваў правы бацькоў, якія патрабавалі справядліва паставіцца да гэтай справы і пакараць тых, хто павінен у гэтай бядзе. Гэта была складаная справа. Але Леанід выйшаў з ён з вялікім гонарам, ён адстаяў правы бацькоў гэтай дзяўчыны, і справядлівасць перамагла.
Цалкам размова ў далучаным файле.
З Марыяй Тарасенка размаўляла карэспандэнтка Радыё Рацыя Аліна Андрыевіч