Марыя Садоўская-Камлач: Я давяраю метадалогіі, якую выкарыстоўваюць «Рэпарцёры без межаў»
2023-05-05 16:06
Беларусь апусцілася ў рэйтынгу свабоды прэсы адразу на чатыры радкі, што стала вынікам рэпрэсій у дачыненні да незалежных медыя. Больш за тры дзясяткі журналістаў знаходзяцца за кратамі, многія з іх прысуджаныя да вялікіх тэрмінаў.
Пра сітуацыю ў беларускай медыя-прасторы, а таксама пра кейс Рамана Пратасевіча з нашай сённяшняй госцяй – медыя-эксперткай Марыяй Садоўскай-Камлач – размаўляе Яна Запольская.
РР: Пагаворым пра беларускія медыя найперш. Хачу звярнуцца да індэкса свабоды прэсы-2023, які быў апублікаваны літаральна днямі. Са свабодай прэсы сітуацыя ў Беларусі надалей вельмі дрэнная. І пры гэтым мы яшчэ апусціліся на чатыры месцы. Як вы ацэньваеце – Беларусь цяпер на сваім месцы 157 у гэтым рэйтынгу ці можа быць яшчэ горш, ці можа быць лепш? Як вы аднесліся да гэтых дадзеных?
Марыя Садоўская-Камлач: Я давяраю метадалогіі, якую выкарыстоўваюць “Рэпарцёры без межаў”, калі яны робяць свае рэйтынгі. Трэба памятаць, што гэта пазіцыя адносная, гэта не азначае, што ёсць нейкі эталон. Гэта значыць, што амаль з 200 краінаў, якія там ёсць, мы адносна іншых знаходзімся на 157 месцы. Таму калі раптам, напрыклад, у свеце моцна пагоршыцца сітуацыя са свабодай слова, то можам і аказацца вышэй у гэтым рэйтынгу альбо наадварот, калі суседнія з намі краіны па гэтым рэйтынгу значна палепшаць свае пазіцыі, то мы можам, канешне ж, аказацца і ў самым нізе. Але збольшага гэты рэйтынг даволі аб’ектыўны, ён улічвае розныя фактары, такія як доступ да інфармацыі, ці могуць людзі свабодна атрымліваць інфармацыю, узаемадзейнічаць з ёй, ці могуць свабодна выказвацца, ці журналістам дазваляецца практыкаваць сваю прафесію без значных абмежаванняў. І ўсё гэта ў Беларусі, канешне, нашмат горш, тым больш трэба заўважыць, што ў суседняй з Беларуссю Літве сёмае месца ў гэтым рэйтынгу, то-бок паміж намі ажно 150 краін, у якіх сітуацыя лепшая, чым у Беларусі.
РР: Вось гэты рэйтынг, індэкс свабоды прэсы, мае такі больш азнаямляльны характар ці ён мае нейкае практычнае выкарыстанне, хтосьці ў нейкім мэтах выкарыстоўвае гэтыя звесткі?
Марыя Садоўская-Камлач: Канешне, ёсць шмат арганізацый, якія спрабуюць зразумець, з якой краінай яны маюць дачыненне. Напрыклад, калі робяць інвестыцыі, калі нейкі раптам медыямагнат захацеў бы рабіць інвестыцыю ў рынак Усходняй Еўропы, канешне, ён бы паглядзеў, ці можа ён ці яна свабодна развіваць медыябізнес у Беларусі. І, канешне ж, з гэтага пункту гледжання Беларусь не была б найбольш прывабнай краінай. Таксама гэта важная інфармацыя для арганізацый, якія займаюцца абаронай свабоды слова, для такой арганізацыі, у якой працую я. Мы, калі робім аналіз з усіх краін, дзе мы працуем і падтрымліваем журналістаў, падтрымліваем медыя, заўсёды ўключаем пазіцыю гэтай краіны ў рэйтынгу свабоды слова і ў іншых рэйтынга, як абгрунтаванне, чаму мы лічым, што, напрыклад, трэба звярнуць увагу на гэтую краіну.
У краінах, дзе рэжымы крыху больш дэмакратычныя, дзе можна сапраўды на іх паўплываць, таксама такія рэйтынгі вельмі часта выкарыстоўваюцца, каб паказаць, ці нейкія дзеянні па падтрымцы журналістаў мелі свой уплыў. Напрыклад, у Малдове, калі ўдалося пераканаць людзей прагаласаваць за больш дэмакратычны ўрад, і гэты ўрад стварыў больш спрыяльныя ўмовы для прэсы: спыніўся пераслед, спыніліся вельмі частыя суды. То Малдова можа павысіцца ў гэты рэйтынгу, і тады арганізацыі, якія працавалі з гэтымі медыя, таксама могуць сказаць: ну, вось нейкі плён нашай працы.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.
Беларускае Радыё Рацыя