Марына Адамовіч пра год у турме Мікалая Статкевіча: «Кожную хвіліну ты знаходзішся ў трывозе за блізкага чалавека»
2021-05-31 22:27
Лідара партыі «Народная грамада» затрымалі роўна год таму па дарозе на пікет у абарону арыштаванага за некалькі дзён да гэтага Сяргея Ціханоўскага.
Роўна год назад, 31 мая 2020 года быў затрыманы беларускі палітык і грамадскі дзеяч Мікалай Статкевіч. Лідара партыі «Народная грамада» затрымалі па дарозе на пікет у абарону арыштаванага за некалькі дзён да гэтага Сяргея Ціханоўскага. З таго часу Мікалай Віктаравіч, якога як агню баіцца Аляксандр Лукашэнка, знаходзіцца ў турме. Яго вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў яшчэ ў 2019 годзе. Справа налічвае 170 тамоў, фігурантам прад’яўлены пазоў на звыш 3 мільёнаў рублёў.
Жонка палітыка, Марына Адамовіч упершыню на працягу года магла ўбачыцца з Мікалаем толькі некалькі дзён таму. Мы папрасілі яе распавесці, якім быў для яе гэты год, як ёй удалося сустрэцца з мужам і як ён ставіцца да справы.
- Сапраўды, роўна год назад Мікалай быў выкрадзены людзьмі без апазнавальных знакаў. Гэта быў вельмі цяжкі год, як для нас, так і ўсёй краіны. Кожны дзень, кожнае імгненне ты жывеш клопатам пра роднага чалавека, які зараз за кратамі, а ты не можаш яму дапамагчы. Нас гартуе тое, што мы шмат гадоў сустракаемся з тым, з чым многія беларусы – упершыню. Найлепшая пазіцыя – стой прама, не спрабуй дамовіцца, мяркуючы, што твайму роднаму будзе лягчэй. Не будзе, будзе толькі горш.
Упершыню за год я магла сустрэцца з ім 26 мая. Дагэтуль проста адмаўляліся даваць інфармацыю, дзе ён. Я ехала ў Гомель усляпую, атрымаць спатканне было вялікім і нечаканым шчасцем. Ён – цудоўны, такі ж моцны, выпраменьвае энергію, якой магла б сілкавацца палова краіны, хаця ўмовы і абставіны гэтаму не спрыяюць. Вельмі прасіў дзякаваць усім людзям, якія падтрымліваюць палітычных зняволеных, пішуць лісты. Хаця ліставанне цяпер вельмі абмежаванае.
З ліста Мікалая стала вядома пра судовы пазоў супраць шасці чалавек, якія праходзяць па справе – 3 млн 78 тыс рублёў. Можа, гэта кампенсацыя для ўсіх сілавікоў, з якіх хтосьці сарваў маску або своечасова збег, не даючы сябе застрэліць. Відаць, следства верыць у тэлепатычныя здольнасці. Яшчэ ўлетку 2029 года яны, не ведаючы адзін аднаго, здолелі падрыхтаваць масавыя беспарадкі.
Пакуль невядома, калі будзе суд, хто будзе судзіць. Але начальнік следчай групы ўжо апублічыў буйную фантазію ў фільме, які паказвалі па БТ. Ён заявіў, што «Статкевіч летам 2019 года па метадзічцы S.H.A.R.P распрацаваў план масавых беспарадкаў». Справа ў тым, што яны пра масавыя беспарадкі не думалі, Мікола заўсёды, вельмі паслядоўна казаў пра неабходнасць мірных перамен, пра неабходнасць вярнуць краіне права выбару, якога ў беларусаў няма.
Справа Статкевіча і яшчэ пяці чалавек, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага, налічвае 170 тамоў.
слухайце аўдыё
нг