У Беластоку пачынаецца літаратурны фэст „На памежжы культур” і традыцыйны, ужо дзясяты па ліку, кніжны кірмаш. Ён пройдзе на гарадскім стадыёне (ul. Słoneczna 1).Амаль 90 выдаўцоў з усёй Польшчы прыедуць у сталіцу Падляшша, дзе адбудзецца звыш 20 аўтарскіх сустрэч. Сярод іх і сустрэча з нашым рэдакцыйным калегам, пісьменнікам
Міхасём Андрасюком, лаўрэатам прэміі Гедройца і прэміі Казанецкага. Падчас сустрэчы адбудзецца прэзентацыя перакладзенай на польскую мову кнігі „Поўня”.
Анна Шайкоўская паразмаўляла з
Марцінам Рэмбачам – перакладчыкам і вядучым сустрэчы:
– Калі ідзе пра Міхала Андрасюка, то ў мяне атрымалася перакласці дзве яго кнігі. Гэта было ўжо з 10-ць гадоў таму. Аповесць „Белы конь” прысвечана Гайнаўцы. Пазней шмат гадоў нічога не перакладаў, толькі цяпер у мяне атрымалася перакласці „Поўню”. Варта адзначыць, што гэта розніца вялізная. Фрагмент гэтай кнігі быў апублікаваны ў літаратурным універсітэцкім часопісе ў Беластоку на гуманістычным факультэце. Мяне папрасілі, каб я напісаў кароткае тлумачэнне, што гэта за пісьменнік Міхал Андрасюк, што гэта за твор „Поўня”. Я вучыўся на паланістыцы, таму напісаў, што Міхал Андрасюк – гэта такі пісьменнік, які напэўна адзіны здзейсніў такі скок у якасці сваёй прозы, што нарадзіўся Славацкім, а стаў Норвідам. Ніхто не скажа, што Славацкі не быў таленавітым паэтам, але аднак Норвід меў зусім іншы жыццёвы досвед, іншы ўзровень філасофіі. Гэта вельмі розныя кнігі, розныя па сваёй густаце, кансістэнцыі свету, які паказваюць. „Белы конь” у параўнанні з „Поўняй” з’яўляецца значна прасцейшай рэччу. „Поўня” з’яўляецца кнігай, у якой уласны лёс, лёс пакаленняў, лёс народу.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Нагадаем, што аўтарская сустрэча з Міхалам Андрасюком і Марцінам Рэмбачам адбудзецца
22-га красавіка на гарадскім стадыёне ў Беластоку. Пачатак а 15:00. Мерапрыемства адбудзецца ў межах дзясятага літаратурнага фестывалю „На паграніччы культур”.
Два першыя слухачы, якія патэлефануюць нам, атрымаюць у падарунак па адным асобніку кнігі Міхала Андрасюка
„Поўня” у перакладзе на польскую мову. Нумар тэлефону:
085-654-51-51.
Беларускае Радыё Рацыя