«Марсіянскія хронікі» Рэя Брэдберы выйдуць у лютым
2025-01-20 21:41
Выдавецтва “Янушкевіч” анансавала выхад кнігі “Марсіянскія хронікі” Рэя Брэдберы ў перакладзе на беларускую мову. Цяпер адкрыты папярэдні заказ на навінку, старт продажаў чакаецца 18 лютага.
Непераўзыдзены шэдэўр навуковай фантастыкі XX стагоддзя, “Марсіянскія хронікі” Рэя Брэдберы — гэта не проста гісторыя пра спробы чалавецтва каланізаваць Марс. Гэта глыбокае даследаванне чалавечых летуценняў, страхаў і няўдач. Праз серыю ўзаемазвязаных гісторый аўтар тчэ габелен з пранізлівых, паэтычных і захапляльных аповедаў.
Першае беларускае выданне “Марсіянскіх хронік” запрашае чытачоў адкрыць для сябе будучыню вачыма Брэдберы, якая падаецца адначасова далёкай і неверагодна знаёмай. У свеце пустынных марсіянскіх краявідаў і крохкіх чалавечых калоній Брэдберы памайстэрску задаецца пытаннем: што адбудзецца, калі чалавецтва выйдзе за межы свайго ўласнага свету і прынясе з сабою ўсе ягоныя праблемы?