Марш на Курапаты: раней і цяпер. Дыскусія экспэртаў
2020-11-02 20:34
Чаму нядзельны марш на Курапаты аказаўся адносна нешматлікім? У чым яшчэ былі асаблівасьці нядзельнага маршу? Як яны паўплываюць на далейшую дынаміку пратэсту?
Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі Валер Карбалевіч і Сяргей Навумчык.
Карбалевіч
Праваахоўныя органы таксама вучацца, ужываюць новую тактыку.
Учора яны здолелі расьсекчы калёну.
Тое, што ў іх гэта ўчора атрымалася, сьведчыць, што людзей і сапраўды было менш.
Самыя масавыя акцыі былі ў жніўні. У пазамінулую нядзелю, у тыдзень ультыматуму Ціханоўскай, быў пік колькасьці за кастрычнік.
Пратэст адбываецца хвалямі.
Для тых людзей, якія выходзяць на пратэст, ня важнае месца, дзе яны зьбіраюцца.
Цяпер супраць Лукашэнкі сабраліся людзі розных поглядаў і розных каштоўнасьцяў.
Для многіх зь іх нацыянальныя каштоўнасьці ня тое што чужыя, але няблізкія.
Навумчык
Я не лічу марш на Курапаты няўдачай.
Ёсьць дні ў гісторыі, якія нельга абыходзіць. Адзін з такіх дзён — Дзяды.
Курапаты — гэта кропка, зь якой у 1988 годзе пачалося беларускае Адраджэньне, абуджэньне.
Недарэчна было б, каб чарговы марш, які прыпаў на Дзяды, пайшоў бы традыцыйным маршрутам, а не на Курапаты.
Паказальным было тое, што ўлады ўжылі непрапарцыйныя сродкі падаўленьня.
Гэта сталінісцкі, энкавэдэшны рэжым.
Гістэрычныя пагрозы Лукашэнкі адарваць рукі і ня браць палонных не запалохалі людзей.
Людзі з голымі грудзямі ішлі на зброю.
Ня трэба забываць, што за 26 гадоў прапаганда зрабіла зь людзьмі.
Улады спрыяюць дэбільным заявам, што ў Курапатах расстрэльвалі нацысты.
Улады і не хаваюць, што яны — ідэйныя нашчадкі тых, хто расстрэльваў людзей у Курапатах.
Думаю, што калі б зладзілі пратэст за дзяржаўнасьць адной беларускай мовы, людзей бы прыйшло менш, чым на пратэсты на працягу апошніх месяцаў.
Ня выключана, што тыя, хто цяпер разам супраць Лукашэнкі, стануць палітычнымі ворагамі пасьля перамогі над Лукашэнкам.
Некаторыя людзі, якія ўчора прыйшлі на Курапаты, толькі ўчора даведаліся, што гэта такое.