- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Па Радыё-Крок сказалі ў навінах, што выйшаў пяцісоты нумар «Рыцара на кані», і што рэдактарам калісьці быў я — цяпер, маўляў, карэспандэнт замежнай радыёстанцыі. Нішто сабе рэклама. У краіне, дзе лепей не звяртаць на сябе ўвагі. Пазней заходзіў Карповіч, фатограф, прыносіў здымкі: я з калегамі трымаю першы нумар газеты. На наступным з друкарскай машыны выпаўзае неразрэзаная стужка газетных паасобнікаў. Але мяне не было дома, калі ён заходзіў. Для юбілейнага нумара якраз і напісаў — як мы рабілі першы, які атрымаўся экспромт, як друкары выкарысталі замест чырвонай іншую фарбу, і шчыт з рыцарам апынуўся на бела-бэзава-белым пасе газетнай шыльды. А ўвечары была пагулянка ў рэстарацыі. У зарэчнай. Не хацелася ехаць, побач з домам, у Старым горадзе можна было лепей пасядзець. І апошнімі днямі дзьмулі жудасныя сцюдзёныя вятры, амаль мост хістала. Былі запрошаны госці, але ніхто не прыехаў. Што нікога, апроч сваіх, не будзе, стала ясна толькі за сталом. (фрагмент)