Манаграфія пра гісторыка-дысідэнта
2026-04-24 07:10
У навуковай кніжнай серыі Варшаўскага ўніверсітэта “Bibliotheca Europae Orientalis. Studia“
выйшла манаграфія гісторыка Генадзя Сагановіча, прысвечаная асобе
Міколы Прашковіча (1932— 1983) — беларускага літаратуразнаўцы, крытыка і
перакладчыка, які ўвайшоў у гісторыю таксама як адзін з удзельнікаў
беларускага культурніцкага дысідэнцтва 1960—1970‑х гадоў.
Сам Генадзь Сагановіч пракаментаваў з’яўленне кнігі “Мікола Прашковіч. Сказ пра беларускага дысідэнта” коратка: “Выйшла нарэшце кніга, напісаць якую лічыў сваім маральным абавязкам”.
Мікола Прашковіч нарадзіўся ў 1932 годзе ў вёсцы Гарадзішча Бярэзінскага раёна.
Паходзіў з сялянскай сям’і. Спачатку вучыўся на філалагічным
факультэце БДУ на расейскай філалогіі, але пазней перавёўся на
беларускае аддзяленне, якое скончыў у 1957 годзе. Пасля гэтага некалькі
гадоў працаваў настаўнікам у вясковых школах, дзе выкладаў мовы і
літаратуру. Затым працягнуў навуковую дзейнасць — вучыўся ў аспірантуры
Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы, а пасля стаў там навуковым
супрацоўнікам.
У 1965 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную творчасці Сімяона Полацкага.
Яго артыкулы і выступленні часта былі вострымі і выклікалі шырокія дыскусіі ў грамадстве. Апублікаваная ў 1965 годзе ў часопісе “Полымя” рэцэнзія на кнігу Аляксандра Коршунава пра Афанасія Філіповіча
прывяла да сур’ёзных спрэчак у навуковых колах і нават стала падставай
для абмеркавання ў Акадэміі навук пытанняў беларускай гісторыі і
дзяржаўнасці. Супраць Прашковіча выступіў сумнавядомы Лаўрэнцій Абэцэдарскі са сваімі паплечнікамі.
Прашковіч меў блізкія кантакты з беларускімі
і ўкраінскімі патрыятычна настроенымі дзеячамі, падтрымліваў іх, у тым
ліку матэрыяльна, у цяжкія часы. У тым ліку ён падтрымліваў сувязі з Ларысай Геніюш, неаднаразова ездзіў да яе ў Зэльву, яна таксама часта згадвала яго ў сваіх лістах.
У 1970‑я гады Прашковіч апынуўся пад ціскам
савецкіх спецслужбаў. У выніку ў 1974 годзе яго звольнілі з Акадэміі
навук па абвінавачанні ў нацыяналізме. Пэўны час ён не меў працы, пасля
займаў розныя нізкакваліфікаваныя пасады.
Праз праблемы са здароўем у 1982 годзе спыніў працу. Трагічна загінуў падчас пажару ў роднай вёсцы.