Максім Знак увайшоў у шорт-ліст намінантаў на прэмію Цэнтра Вацлава Гавэла
2025-07-05 22:06
Абвешчаны кароткі спіс штогадовай Прэміі «Парушэнне спакою» адважнаму пісьменніку ў небяспецы, якую арганізуе Цэнтр Вацлава Гавэла. Сярод чатырох шорт-лістараў — беларускі юрыст, пісьменнік і палітычны актывіст Максім Знак, заўважыў Беларусі ПЭН.
«Максім Знак быў арыштаваны ў верасні 2020 годаі пазней прыгавораны да 10 гадоў пазбаўлення волі ў турме строгага рэжыму па абвінавачанні ў „змове з мэтай захопу ўлады“ і „экстрэмізме“. Знаходзячыся пад вартай, ён працягваў пісаць, у тым ліку вершы і эсэ з турмы, некаторыя з якіх былі апублікаваны і перакладзены за мяжой. Прыхільнасць Знака правасуддзю, прававой рэформе і негвалтоўнаму супраціву зрабіла яго сімвалам інтэлектуальнай мужнасці перад дзяржаўнымі рэпрэсіямі», — адзначаецца на сайце прэміі.
Максім Знак ужо трапляў у шорт-ліст прэміі ў мінулым годзе. У 2021 годзе гэтую прэмію атрымаў беларускі паэт Дзмітрый Строцаў.
Прэмія «Парушэнне спакою» вылучае аўтараў выбітных твораў мастацкай літаратуры, літаратурнай публіцыстыкі, біяграфій, мемуараў, драматургіі або паэзіі, якія праяўляюць адважнасць у іншадумстве і зазнаюць несправядлівы пераслед за абарону дэмакратыі і правоў чалавека.
Сёлета ў намінантах прэміі разам з Максімам Знакам — алжырскі і французскі журналіст і пісьменнік Камель Дауд, кубінскі музыкант Майкель Асорбо і турэцкая сацыялагіня Пінар Селек.