«Людзі на балоце» – новы альбом пасля 5 год перапынку
2020-05-14 17:08
Музыкі, што бяруць удзел у праекце «Людзі на Балоце», аднавілі працу над альбомам пасля 5 год перапынку.
Пра асаблівасці працы распавядае гарадзенскі музыка Алесь Дзянісаў:
– Пяць год таму гурт «Людзі на балоце» амаль што запісаў свой другі альбом, амаль што ўсе інструменты, акрамя бас-гітары, і часткова не была запісаная перкусія. І вось Андрэй Пудзін, наш гітарыст, брат Лёхі, які вось ужо пару гадоў грае з намі ў «Дзецюках», вырашыў дапамагчы. Ён будзе займацца звядзеннем і будзе дапісваць там, дзе не хапае перкусіі, дзе не хапае бас-гітары.
Музыка канстатуе, што аснову для новага альбома складаюць вершы гарадзенскай паэткі Дануты Бічэль:
– Большасць песень будзе на вершы Дануты Янаўны Бічэль, а паралельна таксама з’яўляліся песні на вершы Марылькі, паэткі з Падляшша, з таго боку мяжы. Я не буду перамешваць гэтыя вершы паміж сабой, проста яны будуць дзвюмя часткамі. Адна будзе большая частка – гэта будзе Дануты Янаўны вершы. І меншая – там 6 ці 7 песень, не памятаю, на вершы Марылькі.
Плануецца, што альбом выйдзе ў свет увосень 2020 года, і бліжэйшым часам музыкі будуць шукаць спонсараў для выдання гэтага альбома на кружэлках ці прасіць падтрымкі праз краудфандынгавую пляцоўку.
Беларускае Радыё Рацыя