Літаратурная прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча распачынае новы сезон
2023-08-05 12:43
Распачынаецца прыём заявак на літаратурную прэмію “Дэбют” імя Максіма Багдановіча, паведамляюць арганізатары. Узнагарода ўручаецца за найлепшую першую кнігу, выдадзеную па-беларуску.
Сёлета будуць вызначаны лаўрэаты ў трох намінацыях: “Паэзія”, “Проза” і “Мастацкі пераклад”. Пераможцаў прэміі ў кожнай намінацыі чакаюць каштоўныя ўзганароды.
Удзельнічаць у конкурсе могуць аўтары дэбютных кніг паэзіі або прозы, а таксама перакладчыкі кніг, выдадзеных у 2021 і 2022 гадах у папяровым ці электронным фармаце, пры ўмове, што на момант публікацыі ім не споўнілася 35 гадоў.
Пераможцаў вызначыць прафесійнае журы.
Заяўкі прымаюцца да 16 жніўня (уключна).
Даведка: Прэмія за найлепшую дэбютную кнігу была заснаваная ў 2010 годзе ў гонар класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.
У 2021 годзе лаўрэатамі прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча сталі Артур Камароўскі за кнігу паэзіі “Вада пачынае жыць”, Давід-Алег Лісоўскі за кнігу прозы “Кніга” і Таццяна Анікеенка за пераклад з балгарскай мовы рамана Міхала Вешыма “Англійскі сусед”.
Суарганізатарамі прэміі сёлета выступаюць Bellvory Stiftung (Switzerland), Беларускі ПЭН, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.