- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
X том Даследаванняў і матэрыялаў прысвечаны шэрагу важных аспектаў літаратурнага працэсу на ліцвінска-беларускіх землях у ХІХ ст. У першую чаргу мы закранаем асобныя пытанні, звязаныя з пашырэннем на Віцебшчыне і Смаленшчыне славутае Беларускае Энеіды. Нядаўна выяўленыя Вячаславам Мартысюком «древнѣйшія списки» (Яўхім Карскі) дазваляюць зрабіць шэраг істотных удакладненняў у справе ўзнікнення і атрыбуцыі твора. На нашую думку, паэма паўстала ў эпоху станаўлення нацыянальнае ідэнтычнасці ўсходнеславянскіх этнасаў, калі прадстаўнікі тагачасных элітаў грамадства імкнуліся з дапамогаю літаратурных тэкстаў абудзіць нацыянальныя пачуцці сваіх суайчыннікаў (Слова пра паход Ігаравы, Украінская Энеіда, Краледворскі рукапіс). Аўтар Беларускае Энеіды – паэт канца XVIII – пачатку ХІХ ст. Ягоны твор захаваўся адно ва ўзнаўленнях (магчыма, пасля працяглага вуснага бытавання) у магілёўска-віцебскім інтэлігенцкім асяроддзі ў 1830-я гг. (Ігнат Манькоўскі, браты Мыслоўскія ды іншыя), а таксама ў смаленскім атачэнні Вінцэнта Равінскага. Тое, што дайшло да нашага часу, – гэта парэшткі даўняе травестацыі невядомага Беларускага Аўтара.