Ліна Габт: Я распавядаю пра беларусаў і Беларусь
2023-07-06 12:50
“Беларуская берлінская бабуля”. Так называюць беларусы Ліну Габт (псеўданім жанчыны), якая жыве ў Нямеччыне. Яна заўсёды носіць адзенне ў колерах нацыянальнага сцяга, вандруе і распавядае пра Беларусь і беларусаў. А таксама як можа падтрымлівае пратэстных беларусаў.
Жанчына ў 2020 годзе нават на знак падтрымкі беларусаў зрабіла прычоску ў бел-чырвона-белых колерах. І, канешне, яна стала заўважнай не толькі ў Берліне, дзе яна жыве, але і ў іншых гарадах Еўропы.
“Берлінская бабуля” любіць падарожнічаць і сустракацца з сапраўднымі беларусамі ў розных гарадах свету. Нядаўна яна наведала Вільню.
Кажа Ліна Габт:
– У мяне з’явілася такая думка зрабіць такі праект асабісты “Беларус беларусу беларус”. І так атрымалася, што я раблю такое падарожжа ад аднаго беларуса да другога. І вось я пяць дзён прабыла тут, у Вільні.
Паводле Ліны Габт, калі да яе падыходзяць людзі і пытаюцца пра яе строй, тады яна пачынае распавядаць пра нялёгкае змаганне беларусаў за свабоду і справядлівасць і пра тое, што яны яе натхняюць.
– Мне людзі гаварылі, што я іх таксама натхняю. Калі я вось так іду, мяне проста спыняюць і кажуць: вы вельмі прыгожа апранутая. І тады я апавядаю пра Беларусь. Вось такая мая місія. І так я раблю паўсюль. Так было ў Францыі, і так я раблю ў Берліне. Такая мая роля, такая мая місія.
Ліна Габт нарадзілася ў Расеі, але 10 год пражыла ў беларускім горадзе Жодзіна, а пасля ўслед за мужам з’ехала ў Германію. У Нямеччыне жанчына жыве ўжо 42 гады. Яна працавала настаўніцай, цяпер на пенсіі, па адукацыі філолаг, ведае некалькі моваў, а зараз старанна вывучае беларускую.
Беларускае Радыё Рацыя