Сьледам за мэдыкамі супрацоўнікі парталу Tut.by сталі ў калідоры з
аркушамі «0 праміле» (мэдычная экспэртыза не паказала наяўнасьці
алькаголю ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі — насуперак
сьцьверджаньням уладаў).
Ужо пятыя суткі ў СІЗА КДБ знаходзяцца доктар лякарні хуткай мэдыцынскай дапамогі Арцём Сарокін, якога Генпракуратура падазрае ў выдаваньні мэдычнай тайны пра сьмерць Рамана Бандарэнкі, і журналіст Tut.by Кацярына Барысевіч, якая напісала пра гэта артыкул.
У чым вінавацяць лекара і журналістку
Затрыманы лекар лякарні хуткай мэдычнай дапамогі Арцём Сарокін, якога Генпракуратура падазрае ў выдаваньні мэдычнай тайны, знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Пра гэта Свабодзе паведаміла ягоная жонка Натальля. Знаходжаньне пад вартай яму працягнулі і дазволілі перадаць перадачы. Затрыманы лекар працуе анэстэзіёлягам-рэаніматолягам у бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі. Ён доктар найвышэйшай катэгорыі, яму 36 гадоў. Натальля таксама лекарка, яны маюць траіх дзяцей. Сям’я жыве ў Пухавіцкім раёне.
19 лістапада Генпракуратура паведаміла, што распачала крымінальную справу супраць доктара лякарні хуткай мэдычнай дапамогі і іншай асобы на падставе ч. 3 арт. 178 КК (выдаваньне мэдычнай тайны, якое прывяло да цяжкіх наступстваў).
Паводле Генпракуратуры, «наўмысна, без службовай неабходнасьці, падазраваны ўступіў у злачынную змову з прадстаўніком інтэрнэт-рэсурсу, якому паведаміў зьвесткі аб выніках мэдычнага агляду Рамана Бандарэнкі».
«Тым самым ён выдаў мэдычную тайну, пры гэтым даў недакладную інфармацыю, — заявілі ў Генпракуратуры. — Дзеяньні названых асобаў пацягнулі за сабой цяжкія наступствы, якія праявіліся ў павышэньні напружанасьці ў грамадзтве, стварэньні атмасфэры недаверу да кампэтэнтных дзяржаўных органаў, падахвочваньні грамадзян да агрэсіі і супрацьпраўных дзеяньняў».
Журналістка TUT.BY Кацярыну Барысевіч была аўтарам артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Кацярыну пакінулі ў СІЗА КДБ да прад’яўленьня абвінавачаньня. Яна праходзіць падазраванай паводле той самай ч. 3 арт. 178 КК. Яе затрымалі 19 лістапада. Крымінальную справу пачала Генпракуратура.
Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральныміі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
Раман быў у крытычным стане.
ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя зьявіліся на месцы ўжо пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня, расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую завяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.