Купалаўцы. Спектакль аб фашызме. Трылогія "Страх" Бертальда Брэхта
2021-03-27 22:27
Дзень тэатра Незалежная тэатральная група «Купалаўцы» вітае прэм'ерай. У гэта свята мы хочам паразмаўляць з нашымі гледачамі пра страх, а нашым голасам будзе адзін з найвыбітнейшых пісьменнікаў ХХ стагоддзя – Бертальд Брэхт.
У трыццатыя гады Брэхт быў пазбаўлены нямецкага грамадзянства і вымушаны быў эміграваць. Але ва ўсе краіны, дзе пасля жыў пісьменнік, упэўненымі крокамі паступова прыходзіў страх – дабіраўся нацызм.
П'еса «Страх і галеча Трэцяга рэйха» расказвае зусім не пра ўзнікненне нацызму. Гэтае падрабязнае апісанне механізмаў наладжанай сістэмы Брэхт пісаў на падставе сведчанняў відавочцаў і газетных зацемак. Перапоўненыя турмы, росквіт прапаганды, людзі, што не маюць права на сваё меркаванне, паўсюдная галеча і ўсеагульны ліпучы страх. Але чым страшнейшая хлусня, тым меншы яе плён. Тым хутчэй яна зжарэ саму сябе.
Дзень тэатра – сімвалічны дзень, асабліва сёлета. Мы – тэатр без сцэны, тэатр у выгнанні. Самае моцнае, што мы можам зрабіць у такі дзень, – гэта выказацца на той мове, якая найбольш зразумелая нам – на мове тэатра. Калі, як не сёння.
Мы прадстаўляем вам трылогію «Страх».