- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Піша «Зара»: «У аўторак (2-га сакавіка)... з прадстаўнікамі працоўных калектываў райцэнтра, старшынямі сельскіх выканаўчых камітэтаў сустрэліся дэлегаты VI Усебеларускага народнага сходу Г. Унуковіч, старшыня раённага выканаўчага камітэта, і Г. Шведаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў.» Напэўна, сустрэча тая была цікавая. Але, на вялікі жаль, мяне туды не запрасілі, хоць людзей у вялікай зале, калі меркаваць па фотаздымку, было нягуста. Напэўна, не дацягваю яшчэ я, каб быць прадстаўніком працоўнага калектыву. А ў размове хацелася б паўдзельнічаць, задаць свае пытанні, падыскутаваць. Бо размаўлялі нібыта пра тое, як наш Бешанковіцкі раён будзе жыць у бліжэйшыя пяць гадоў. Калі меркаваць па артыкулу ў «Зары», нам збіраюцца забяспечыць сацыяльную стабільнасць у грамадстве і павелічэнне дабрабыту грамадзян. Заўважце, што на першым месцы стаіць стабільнасць, і толькі потым — дабрабыт. Няхай сабе і так. Ажыццявіцца ж гэта, «дзякуючы якаснаму росту эканомікі, нарошчванню сацыяльнага капіталу, стварэнню камфортных умоў для жыцця, працы і самарэалізацыі.» Гэтая агульная фраза такая збітая і незразумелая, што, мне здаецца, нават тыя, хто яе стварыў, самі добра не разумеюць, як гэта будзе. Дакладней кажучы, сабе яны ўжо ўсё нарасцілі і стварылі, а вось нам — толькі дэкларуюць. Далей ідзе такі сказ: «Ключавыя прыярытэты — шчаслівая сям’я, моцныя рэгіёны, інтэлектуальная краіна.» Каб яго зразумець, скарыстаемся іншай крыніцай інфармацыі.