- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Вялікія праблемы малой вуліцы. На вуліцы імя Дароўскага ў Бешанковічах знаходзіцца ДРБУ-110.Здавалася б, што дарожнікі сваю вуліцу змогуць дагледзець. На самой справе атрымоўваецца інакш. Большая частка вуліцы ў ямках і выбоінах, бо заасфальтаваны толькі яе невялічкі кавалак з боку ДРБУ. Тут, проста пад вокнамі канторы ДРБУ абсталявана стаянка легкавых машын, якая заняла месца, дзе павінен быць тратуар. Чалавек, які ідзе па краю вуліцы, вымушаны абыходзіць машыны і трапляць на праезджую частку. Асаблівая небяспека назіралася тут пасля апошняга лістападаўскага снегападу, калі снег з тэрыторыі ДРБУ быў вычышчаны проста на вуліцу, звузіўшы яе да мінімуму. Дзеці, якія ішлі ў школу і сад, што ляжаць непадалёку, літаральна лавіравалі паміж машын, стараючыся хутчэй праскачыць створаную на дарозе “кашу”. Вуліца мае і іншыя адметнасці. Так, асвятленне на ёй ёсць толькі з боку ДРБУ, а таму вяртацца са школы па гэтай вуліцы дзецям прыходзіцца ў поўнай цемры. Дарэчы, на процілеглым ад ДРБУ баку вуліца заканчваецца глыбокім меліяратыўным каналам, які не абазначаны ніякімі знакамі і ўяўляе небяспеку.