“Кровазварот” паэткі Юлі Цімафеевай выйшаў па-нямецку
2026-01-09 20:55
Берлінскае выдавецтва Edition Fototapeta выпусціла з друку пераклад на нямецкую мову паэтычнай кнігі Юлі Цімафеевай «Кровазварот» (Blutkreislauf). Кнігу ўжо можна купіць праз сайт выдавецтва, а 11 студзеня ў Дрэздэне адбудзецца першая прэзентацыя нямецкамоўнага выдання з удзелам кампазітаркі Вольгі Падгайскай.
На вокладцы нямецкамоўнага выдання выкарыстаны калаж аўтарства самой паэткі. На ім — вакно хаты з вёскі Спярыжжа, якой адведзена шмат месца ў «Кровазвароце».
«Я вельмі ўдзячная за гэтую кнігу перакладчыцы Ціне Вюншман (Tina Wünschmann), якая пачала працаваць над ёй яшчэ летась ці нават пазалетась, якая верыла ў яе і чытала тэксты да таго, як яны аформіліся ў твор, што напрыканцы траўня выйшаў у Выдавецтва „Янушкевіч“. „Кровазварот“ рос і змяняўся практычна на яе вачах», —
падзялілася навіной у сацсетках аўтарка.
Гэта чацвёртая кніга Юлі Цімафеевай, што выйшла ў нямецкім выдавецтве Edition Fototapeta.
11 студзеня у 17:00 у Літаратурным доме Эрыха Кестнера ў Дрэздэне пройдзе прэзентацыя навінкі з удзелам Юлі Цімафеевай, перакладчыцы Ціны Вюншман і кампазітаркі Вольгі Падгайскай, якая напісала адмысловае музычнае суправаджэнне для чытання кнігі «Кровазварот».
Уваход вольны
Падрабязная інфармацыя
ТУТ.