Выданне прысвячаецца гераічнаму беларускаму народу, які ва ўмовах гібрыднай расейскай акупацыі і жорсткай дыктатуры паказаў усяму свету сваю волю да свабоды і дэмакратыі.
Пра саму кнігу і важнасць стварэння нацыянальнай сістэмы ўзнагарод Яна Запольская размаўляе з гасцямі Беларускага Радыё Рацыя — старшынём Геральдычнай рады «Пагоня» Мікітам Забугам і сябрам рады Алесем Чайчыцам:
- Геральдычная рада «Пагоня» распрацавала праект сістэмы дзяржаўных узнагарод для будучай дэмакратычнай Беларусі. Мы іх называем нацыянальныя ўзнагароды, таму што гэта такі праект, у сілу таго, што мы знаходзімся ў выгнанні, у сілу таго, што гэта грамадскі праект, гэта падкрэслівае грамадскі характар гэтай ўзнагароды. Гэта грамадская ініцыятыва, якая знізу прарасла ўверх і гэтыя ўзнагароды, якія створаны грамадствам, яны ўручаюцца ад імя гэтага грамадства дэмакратычнымі лідарамі Беларусі, то бок АПК і Святланай Ціханоўскай, як прэзідэнтам-элект. Таксама часткай гэтай сістэмы разглядаюцца ўзнагароды Рады БНР, першыя з якіх былі заснаваныя ў 50-я гады. Гэта доўгая гістарычная традыцыя, мы тут спрабуем прадставіць канцэпцыю, як гэтую традыцыю інтэграваць у актуальную сітэму, будучую дзяржаўную сістэму ўзнагародаў, каб гэтая жывая пераемнасць ад беларускага супраціву, беларускай дэмакратычнай дзяржаўнасці, якую ўвасабляла Рада БНР і ўвасабляе дагэтуль, каб гэтую пераемнасць канцэптуальна неяк прапрацаваць на ўзроўні ўзнагародаў.
Узнагароды — гэта важная сімвалічная, статусная рэч і тое, што беларускае грамадства ў асобе дэмакратычных лідараў адзначае ўзнагародамі заслужаных асобаў перад Беларуссю — гэта важны элемент таго, як мы ў рэжыма Лукашэнкі адбіраем атрыбуты дзяржаўнасці. І гэта мы робім дэмакратычна, што гэта з нізоў ідзе. Уладу гэта раздражняе, Раду БНР прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй менавіта пасля таго, як Рада БНР пачала ўручаць медалі беларускім байцам ва Украіне. Першыя ўзнагароды АПК таксама ўжо лічацца экстрэмісцкімі матэрыяламі, таму ўладу гэта раздражняе, таму што беларускі народ бярэ ў свае рукі справу ўзнагароджання і адзначэння важных людзей.
На фота: Яўген Вапа і Мікіта Забуга.
РР: Цудоўнае выданне. Вы, як старшыня Геральдычнай рады «Пагоня», напісалі прадмову, і дзякуючы вашай працы яна паўстала. «Узнагароды Беларусі» — чаму гэта настолькі важная рэч?
Мікіта Забуга: Калі пачалася вайна, то вельмі было неабходна абазначыць беларусаў. У 2020 годзе выхады людзей паказалі, што людзі хацелі сябе абазначыць. Што такое геральдыка? Гэта перш за ўсё свой — чужы. Таму тыя мільёны людзей, якія выходзілі на вуліцы нашых гарадоў, трэба праўдзе ў вочы глядзець, яны ж збольшага не ведалі, хто такі Клаўдзій Дуж-Душэўскі, але яны хацелі сябе абазначыць. Таму зразумела было адразу пасля пачатку вайны, што нам патрэбна свая сістэма вайсковых рангаў, свае шэўроны, свае адметныя знакі, свае ўзнагароды ваярам. Таму гэта праца, насамрэч, аднаўлення. Аднаўленне і працяг працы Рады БНР, якая шмат зрабіла, ну і трэба прызнаць, што ў Радзе БНР і Беларусі атрымалася знайсці найлепшых геральдыстаў, якія і зрабілі гэтую сістэму. Гэта не праца трох гадоў, гэта дзесяцігоддзе насамрэч.
Кніга
«Узнагароды Беларусі» даступная для атрымання праз Геральдычную раду «Пагоня», акрамя таго, інтэрнэт-бібліятэка
kamunikat.org прапануе гэтую кнігу для бясплатнага спампоўвання.
Цалкам гутарка — у далучаным гукавым файле!
Беларускае Радыё Рацыя