Кніга, прысвечаная Леаніду Лаўрэшу
2023-03-30 17:48
У гарадзенскім выдавецтве “ЮрСаПрынт” выйшла з друку кніга Святланы Марозавай “Людзі культуры Гарадзеншчыны: Леанід Лаўрэш”.Выданне прысвечана біяграфіі, радаводу, даследчай і творчай дзейнасці беларускага пісьменніка, даследчыка гісторыі Беларусі, буйнога лідскага краязнаўца
Леаніда Лаўрэша – інжынера па адукацыі і роду дзейнасці. Ён паказаны як пісьменнік, які прэзентуе прафесійную культуру гісторыка; як асветнік, што стварыў і паставіў на службу навуцы і краязнаўству гістарычны сайт pawet.net як патрыёт Лідскага краю.
Кніга ўтрымлівае 300-гадовы радавод і генеалагічнае дрэва роду Лаўрэшаў.
Сам Леанід Лаўрэш нарадзіўся 1 сакавіка 1963 годзе ў горадзе Лідзе. У 1970–1980 гадах вучыўся ў Лідскай сярэдняй школе № 11 Падчас вучобы праявіў цікаваць да астраноміі і гісторыі. Наведваў астранамічны гурток пры Лідскім планетарыі. У 1985 годзе ён скончыў электратэхнічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер – Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт). Спецыяльнасць па дыпломе – інжынер-электрык.
У кнізе прыводзяцца выказванні вядомых гісторыкаў пра навуковую вартасць кніг Леаніда Лаўрэша. Спіс публікацый Леаніда Лаўрэша дае ўяўленне пра сферу яго даследчых зацікаўленняў: праблематыку, храналогію, геаграфію. У сукупнасці матэрыялы гэтага выдання адлюстроўваюць уклад пісьменніка-даследчыка ў пашырэнне ведаў аб гісторыі Лідчыны і асэнсаванне месца гэтага краю ў еўрапейскім гістарычным кантэксце.
Выданне прызначана для даследчыкаў і аматараў гісторыі і культуры Беларусі, Гарадзеншчыны, Лідчыны, усіх тых, хто любіць гэты край і цікавіцца персаналіямі яго вядомых ураджэнцаў.
Беларускае Радыё Рацыя