Кліп на песню «2020» гурта Sumarok прызнаны экстрэмісцкім
2023-04-08 12:06
Кліп на песню «2020» полацкага гурта Sumarok прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Пра гэта днямі даведаўся яго лідар – Ігар Палынскі.
Гэта ўжо другі кліп гурта, які цягам нядаўняга часу быў аднесены да спісу так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў. На думку музыкі, гэта чарговае прызнанне ўладамі ўзроўню творчасці іх рок-калектыва.
- Я гэтую песню напісаў у лістападзе 2020 года. Тады ўжо было зразумела, што не будзе хуткай перамогі здаровага сэнсу. Што прыйдзецца яшчэ вельмі шмат складанага перажыць. Але мне вельмі хацелася захаваць той настрой, які тады панаваў. Адчуванне таго, што беларусы сапраўды вельмі масава прачнуліся і зразумелі, што так жыць нельга. І менавіта з такім настроем я гэтую песню пісаў.
Полацкі рок-гурт
Sumarok быў створаны ў 2009 годзе. За гэты час запісаў некалькі альбомаў ды сінглаў. У 2012 годзе гурт удзельнічаў у фестывалі «Бардаўская восень» на Падляшшы.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя