Халезін тлумачыць, чаму санкцыі ЗША ня ўдасца абысьці і што такое тактыка тысячы парэзаў
2021-08-16 10:25
Сузаснавальнік Беларускага свабоднага тэатру, адзін з кіраўнікоў Беларускага фонду культурнай салідарнасьці, грамадзка-палітычны дзяяч Мікалай Халезін расказаў у эфіры youtube-каналу Свабода Premium пра каротка- і доўгатэрміновы эфэкт санкцыяў на рэжым у Беларусі.
Глядзіце размову цалкам на відэа.
Асноўныя тэзісы Мікалая Халезіна
Гэта дастаткова сур’ёзны ўдар па рэжыме; прапісаныя ў санкцыях рэчы даюць пэрспэктыву, пры якой рэжым можа і не акрыяць.
Санкцыі — гэта працэс. Спачатку ён быў дэкляратыўным, потым былі сымбалічныя крокі, далей больш сурʼёзныя, цяпер яшчэ больш сурʼёзныя. Па факце ён павінен прывесьці да зьмены рэжыму.
Санкцыі супраць Нацыянальнага Алімпійскага камітэту прывядуць да таго, што спартоўцы змогуць выступаць не за Беларусь, а пад нэўтральным сьцягам.
Немагчыма будзе вырашаць пытаньні з рыштункам, амэрыканскія і эўрапейскія кампаніі не захочуць мець справу з НАК Беларусі. Важны фактар, што ЗША зьяўляюцца самым вялікім донарам Міжнароднага Алімпійскага камітэту.
ЗША зрабілі праблемы любых узроўнях — ад даляра як рэзэрвовай валюты да таго, што краіны не захочуць ісьці на канфрантацыю з ЗША з прычыны Беларусі.
Цяперашняе рашэньне дазваляе адкрыць калідор для сэктаральных санкцый.
Санкцыі — гэта крок за крокам. Наступны ўдар будзе нашмат мацнейшым і будзе тычыцца нафтаперапрацоўкі, калійнага ланцужку і фінансаў. Гэта будзе азначаць, што ўсе краіны адмовяцца ад транзыту, можа, за выключэньнем Расеі.
Адрозна ад Эўразьвязу, у ЗША ёсьць структура, якая сочыць за выкананьнем санкцый.
Калі санкцыі абыходзяць, адразу ідзе сыгнал ураду і прымаюцца больш жорсткія захады да тых, хто гэта парушае. Новае — гэта другасныя санкцыі, калі караюць структуры, што дапамагаюць абыходзіць санкцыі.
У мяне няма сурʼёзнай асьцярогі, што ад санкцый пацярпяць звычайныя людзі. Яны ўжо пакутуюць. Ад таго, што валіцца эканоміка, цярпяць усе, у тым ліку ў замежныя кампаніі, якія працуюць у Беларусі.
Большасьць удараў прыпадае на мэханізмы, які фінансуюць Лукашэнку. Беларусам нічога з тых структураў не дастаецца.
Па нашых ацэнках, заробкі супрацоўнікаў «Беларуськалію» заніжаныя як мінімум удвая. Гэтыя грошы проста перакладаюцца з кішэні дзяржавы ў кішэні «семʼяў Лукашэнкі».
У Паўднёвай Афрыканскай Рэспубліцы санкцыі прывялі ўрэшце да зьмены ўлады. Там таксама быў ціск знутры і звонку. Апартэід сам па сабе не растварыўся б ніколі.
Санкцыйны працэс — гэта ня срэбная куля, якая выстраліла і ўсё вырашыла, але гэта адзін элемэнт, які можа ўплываць на падрыў фінансаваньня злачынных структураў.
Натальля Каляда слушна сфармулявала фармат супрацьстаяньня — тактыка тысячы парэзаў, калі кожны наносіць целу гэтай улады той парэз, які можа нанесьці. Толькі тады гэты рэжым сплыве крывёй і мы пра яго забудзем і ўрэшце пяройдзем да нармальнага жыцьця.