Кніга пад назвай «І даўней так пелі. Музычны фальклор старавераў Паўночна-Заходняй Беларусі» выйдзе напрыканцы 2024 года ў беларускім выдавецтве «Skaryna Press». Музычны фальклор беларускіх старавераў упершыню стаў аб’ектам спецыяльнага этнамузыкалагічнага даследавання.
Хто такія стараверы, адкуль яны прыйшлі на беларускія землі? Навошта многія беларускія стараверы паехалі да мора, у балтыйскія краі? Чаму сёння важна даследаваць культурную спадчыну беларускіх старавераў і прычым тут выжыванкі Руфіны Базловай? Пагаварылі пра гэта з аўтаркай кнігі, этнамузыколагам і выкладчыцай традыцыйнага спеву Вольгай Барышнікавай.
Збіраць матэрыял для кнігі Вольга Барышнікава пачала яшчэ ў 2018 годзе. У выданні будуць прадстаўлены 45 нотных і тэкставых транскрыпцый песень, запісаных ад старавераў і мясцовых беларусаў, навуковыя каментары да кожнага з раздзелаў, расшыфроўкі экспедыцыйных гутарак, унікальныя архіўныя фотаздымкі старавераў, расшыфроўкі экспедыцыйных гутарак. Праз QR-код можна паслухаць аўдыязапісы ўсіх песень.
Вокладка кнігі «І даўней так пелі. Музычны фальклор старавераў Паўночна-Заходняй Беларусі»
У інтэрв’ю Budzma. org Вольга Барышнікава расказвае, што праца над кнігай магла стаць бясконцай.
— Жывучы ў Беларусі, я найперш збірала матэрыял у фальклорных экспедыцыях. У эміграцыі давялося працаваць пераважна ў архівах у пошуках матэрыялаў з беларускіх земляў.
Напрыклад, год таму я працавала ў Дыялектным архіве цэнтра геалінгвістыкі Інстытута літоўскай мовы (Вільня), у якім знаходзіцца вялікі архіў з запісамі старавераў Літвы і, у тым ліку, ёсць фіксацыі з беларуска-літоўскага памежжа. Такім чынам, у кнізе будуць прадстаўлены некалькі запісаў з Пастаўскага раёна, здзейсненых літоўскімі даследчыкамі ў 2000 годзе. Канешне, я вельмі рада, што ў мяне ёсць магчымасць пастаянна знаходзіць штосьці новае, але ў пэўны момант я адчула, што трэба спыніцца і апублікаваць тое, што ўжо напрацавана.
Стараверы, ці стараабрадцы, прыйшлі на беларускія землі ў сярэдзіне XVII стагоддзя. У Маскоўскай дзяржаве ў першай палове XVII ст. адбылася рэформа Рускай праваслаўнай царквы, якая раскалола грамадства на старавераў і на тых, хто прыняў змены. Пастаянныя жорсткія рэпрэсіі вымусілі значную частку стараабрадцаў эміграваць у Рэч Паспалітую.
Стараверы заснавалі на беларускіх землях два буйныя цэнтры — вакол Браслава і Відзаў (Падзвінне) і вакол Веткі (Палессе).
Назва кнігі складаецца з дзвюх частак: «І даўней так пелі» — гэта кавалак цытаты стараверкі з Германавічаў Зоі Мікалаеўны Грыгор’евай, якой, на жаль, ужо няма ў жывых: «І даўней так пелі. А маладзёж после ўжо не стала пець. Эта і кончылась. Как кончыліся старыі, так і ўсё». Для мяне важна паказаць не толькі ўласна песні як аб’ект этнамузыкалагічнага даследавання, але і партрэт выканаўцы — вясковага спевака са сваім унутраным светам, разуменнем прыгожага і праўдзівага. І менавіта таму ў назве вядзецца пра песні, якіх не стала, бо не стала людзей. Дарэчы, мой муж жартуе, што можна выдаваць серыю кніг: «І даўней так пелі», «І даўней так елі» і «І даўней так пілі».
Другая частка — акадэмічная: «Музычны фальклор старавераў Паўночна-Заходняй Беларусі».
З вокладкі на нас глядзяць тры пакаленні вялікай сям’і Фёдаравых (дзявочае прозвішча Вольгі — Budzma. org). На гэтым здымку мой маленькі дзядуля, яго бацькі і нават яго дзяды. Кніга прысвечана светлай памяці майго дзядулі Васіля Ананьевіча і ўсіх старавераў з роду Фёдаравых.
— Колькі часу заняла падрыхтоўка выдання?
— Збіраць матэрыял я пачала яшчэ ў 2018 годзе. У 2019-м распачалося навуковае даследаванне, вынікам якога стала абарона спачатку дыпломнай, а пасля і магістарскай працы па гэтай тэме. А падрыхтоўка ўласна кнігі заняла прыблізна год: я расшыфроўвала свае ўласныя экспедыцыйныя запісы, а таксама працягвала працу ў дзяржаўных і прыватных архівах Літвы, Латвіі, Польшчы, Беларусі.
Працэс працы над кнігай навучыў мяне ў пэўнай ступені змірэнню і прыняццю. Мне было няпроста прыняць той факт, што я фіксую ў кнізе свой навуковы ўзровень і павінна быць гатовая да таго, што праз год-два мне захочацца ўсё гэта перапісаць, бо мне сапраўды хочацца ў кнізе пастаянна штосьці правіць, перапісваць, удакладняць. Пры гэтым я разумею, што такі працэс можа стаць бясконцым і трэба спыніцца.
А каб спыніцца, гэта трэба прыняць. Прыняць, што ўсё, хопіць працаваць у архівах, шукаць новыя запісы, ужо дастаткова для выдання. А я ж разумею: ну як дастаткова, я ж яшчэ і там не была, і там не была, і там можна было б пашукаць.
— Якая структура ў такога незвычайнага выдання?
— Выданне складаецца з уступнага артыкула і трох асноўных раздзелаў: каляндарна-абрадавыя напевы, песенна-танцавальныя ўзоры і лірычныя песні. Кожны з раздзелаў суправаджаецца навуковым каментаром і ўтрымлівае нотныя ды тэкставыя транскрыпцыі песень. Таксама кніга аздоблена архіўнымі фотаздымкамі старавераў, расшыфроўкамі экспедыцыйных гутарак. Праз QR-код ёсць магчымасць паслухаць аўдыязапісы ўсіх песень.
— Такая кніга вымагала шмат падарожжаў, наколькі я разумею.
— Так, і гэта было цудоўна! Калі казаць пра Беларусь, то я на працягу пяці год абследавала Мёрскі, Шаркаўшчынскі, Браслаўскі, Глыбоцкі і Пастаўскі раёны. Канешне, больш абследаваным у маім выпадку з’яўляецца мёрска-шаркаўшчынскі арэал, паколькі гэта мае родныя мясціны.
Вольга Барышнікава ў экспедыцыі ў в. Хралоўшчына Мёрскага раёна, 2022г.
Паколькі этнамузыколаг не можа жыць без экспедыцый, то я працягваю іх арганізоўваць і ў эміграцыі: сёлета двойчы была ў экспедыцыі да старавераў Латгаліі, а таксама запісвала старавераў Польшчы. У мяне няма магчымасці прыехаць на Троіцу на могілкі ў Беларусь, і таму я прыязджаю ў Рыгу да родзічаў. Я іду ў Рызе па могілках, а мне кажуць: тут Залессе пахавана (Залессе — вёска ў Глыбоцкім раёне, падзеленая на дзве паловы — Залессе маскоўскае і проста Залессе — Budzma. org), тут Паташня (Пастаўскі раён), тут ляжаць тулаўскія (з вёскі Тулава Шаркаўшчынскага раёна). То-бок там ляжаць нашыя стараверы з тэрыторыі Беларусі, якія ў свой час пераехалі ў Латвію.
Падчас экспедыцыі да старавераў Латгаліі, 2024 г. Екабпілс
— Дарэчы, чаму так многа паехала да мора, у балтыйскія краі?
— Мой стрыечны прадзед Каліна Іванавіч, калі яму было за 40 гадоў, узяў сваіх дваіх дзяцей пад паху, жонку і сказаў: «Мы пераязджаем з Германавіч у Рыгу, будзем будаваць дом». А чаму? Каб даць сваім дзецям лепшае жыццё. І мой дзядуля, яго сын, быў вельмі ўдзячны свайму бацьку за гэта.
— Самыя даследаваныя групы старавераў у Расіі?
— Цяжка дакладна сказаць, паколькі стараверства можна разглядаць з розных аспектаў: знаменны распеў, іканапіс, кніжная культура, традыцыйная абраднасць, музычны фальклор, асаблівасці адзення і інш. Досыць складана знайсці групу старавераў, якая будзе цалкам даследавана з усіх пазіцый.
Музычны фальклор беларускіх старавераў, напрыклад, упершыню стаў аб’ектам спецыяльнага этнамузыкалагічнага даследавання. У гэтым плане мы моцна адстаем ад літоўскіх ці латвійскіх даследаванняў.
— Вы аднаўляеце справядлівасць?
— Калі я толькі пачынала займацца навукай, то мне здавалася, што наяўнасць вялікай колькасці літаратуры па пэўнай тэме — індыкатар выбітнасці гэтай тэмы. Сёння я разумею, што кожная тэма патрабуе свайго даследчыка. І дагэтуль існуе шэраг нераскрытых, неасветленых пытанняў, якія чакаюць увагі з боку навукоўцаў. Таму скажу так: я раблю тое, што магу ў рамках сваіх навуковых кампетэнцый і ў тых умовах, у якіх існую.
— Ці будзе нейкая адмысловае прадстаўленне кнігі?
— Так, у мяне запланаваныя прэзентацыі ў Літве, Латвіі і Польшчы. Адзначу, што падчас прэзентацый будзе арганізавана выстава аўтэнтычных стараверскіх рушнікоў, а таксама фотавыстава выбітнага беларускага фатографа Аляксея Смыка, з якім мы былі ў экспедыцыі ў 2021 г. На жаль, два месяцы таму Аляксей трагічна загінуў.
Для мяне вельмі важна максімальна ўсебакова агарнуць матэрыял праз тэарэтычнае і практычнае асваенне. Таму падчас прэзентацый, песні з кнігі загучаць галасамі моладзевых гуртоў з Клайпеды і Рыгі, з якімі я супрацоўнічаю. Такім чынам мы пакажам, што гэтая музыка жыве, і ёсць моладзь, якая яе спявае.
Тканы стараверскі падзор з фондаў Германавіцкага музея мастацтва і этнаграфіі ім. Я Драздовіча, фота А. Смыка, 2021г
— Для каго кніга?
— Я акрэсліваю мэтавую аўдыторыю маёй кнігі трыма групамі: беларусы, стараверы і іх нашчадкі, даследчыкі стараверства.
Як ні дзіўна, але беларусы — у першую чаргу, бо веданне культуры беларускіх старавераў —гэта веданне сваёй уласнай культуры, якая спазнала шматлікія ўзаемаўплывы.
Прывяду ў якасці прыкладу адзін вядомы кейс: Большасць людзей лічыць, што аўтарскі
стыль выжыванак Руфіны Базловай заснаваны на арнаментальнай традыцыі беларускай вышыўкі. Наяўнасць кашулі з такой вышыўкай у прэзідэнта Украіны Уладзімера Зяленскага выклікае асаблівы сантымент у беларусаў.
Вышываная мужчынская кашуля старавераў Латгаліі
Сапраўды, на тэрыторыі Беларусі захавалася багата рушнікоў і падзораў з тканымі альбо вышыванымі антрапаморфнымі выявамі, але (калі мы кажам не пра адзінкавыя кропкавыя фіксацыі, а сістэмную з’яву) гэта лакальная традыцыя мясцовых старавераў (рускіх перасяленцаў). То-бок тэрытарыяльна гэта, безумоўна, беларуская вышыўка, бо яна фіксуецца на тэрыторыі Беларусі, а этнічна — руская. Дарэчы, лагатып кампаніі «Будзьма беларусамі» таксама мне штосьці нагадвае (усміхаецца).
Таксама я вельмі хачу, каб праз маю кнігу людзі за мяжой даведаліся пра Беларусь. Пра тое, што і ў Беларусі жывуць стараверы са сваёй унікальнай культурай.
Варта заўважыць, што амаль усе выданні па тэме стараверства, у якіх ёсць тэкставыя расшыфроўкі жывой мовы, перадаюць гутарку старавераў літаратурнай рускай мовай, або, напрыклад, дыялектам, але запісаным з дапамогай рускай мовы.
— А як вы перадаеце гэтую мову старавераў?
— Расшыфроўка пададзена праз беларускую транслітарацыю. Я вырасла ў гэтым асяроддзі і, спадзяюся, што ў мяне някепска атрымалася зрабіць тэкставыя транскрыпцыі.
Хаця літоўскі калега засумняваўся ў тым, што нашыя стараверы могуць «дзэкаць», але ж яны дзэкаюць, гэта факт.
— Ну вось якраз некаторыя пурысты магчыма скажуць: а навошта нам, беларусам, увогуле ведаць пра старавераў, якія прыйшлі сюды з Маскоўшчыны? Ці вы разглядаеце гэты асяродак як частку беларускай супольнасці, як частку беларускай культуры?
— Ёсць важны аспект, пра які мне хацелася б прамовіць: беларусы ў эміграцыі перыядычна вымушаны нагадваць, што не трэба ставіць знак роўна паміж тымі, хто апынуўся ў вымушанай эміграцыі, і дзеяннямі беларускай дзяржавы.
І вось я хачу сказаць, што са стараверамі было роўна тое ж самае: яны адмовіліся прымаць дзяржаўныя новаўвядзенні, за гэта іх забівалі, пераследавалі, адпраўлялі ў турмы. І для таго, каб захаваць сябе, яны былі вымушаныя эміграваць. Нічога не нагадвае?
Таму, мне здаецца, калі мы самі, беларусы, хочам, каб да нас адносіліся з разуменнем таго, што нас выгналі з нашай зямлі і не трэба нас раўняць з дзяржавай, мы мусім умець гэтак жа адносіцца да іншых людзей.
Ну, і мне агулам падаецца дзіўным лічыць цэлыя нацыі кепскімі ці, наадварот — добрымі. У кожным родзе ёсць курва і злодзей.
Стараверства на беларускіх землях, безумоўна, з’яўляецца часткай разнастайнай і багатай беларускай культуры.
— Адкуль прыйшлі менавіта гэтыя стараверы, гэтага рэгіёна, пра які вядзецца ў кнізе?
— Часцей за ўсё паходжанне старавераў вызначаюць дыялектолагі на падставе аналізу асаблівасцяў гаворкі старавераў. Напрыклад, беларускі дыялектолаг Наталля Мініна, якая, дарэчы, абараніла кандыдацкую дысертацыю па гэтай тэме, аднесла гаворку нашых старавераў да сярэднерускіх акаючых гаворак пскоўскай групы. Знаны літоўскі фалькларыст Юры Новікаў выказваў меркаванне, што гістарычнай радзімай старавераў, якія аселі ў Латгаліі, на паўночным усходзе Літвы і паўночным захадзе Беларусі, былі паўднёвыя зоны Пскоўшчыны.
Сёння фальклорная спадчына старавераў уяўляе сабой адметны лакальны феномен, што злучае ў сабе карэннае (стараверскае) і запазычанае (ад аўтахтонных беларусаў). Стараверскія песні інтэграваліся ў лакальную этнамузычную культуру Заходняга Падзвіння, а жанры беларускага фальклору трывала замацаваліся ў рэпертуары старавераў. Варта прызнаць, што фальклор старавераў з’яўляецца паўнавартасным складнікам этнамузычнага ландшафту Паўночна-Заходняй Беларусі.
На выданне кнігі
«І даўней так пелі. Музычны фальклор старавераў Паўночна-Заходняй Беларусі» адкрыты збор на платформе
Gronka.
Падтрымаць можна тут.
Рыгор Сапежынскі, budzma. org
Фота з асабістага архіву Вольгі Барышнікавай