Шэсьць з іх былі зьнятыя незадоўга да пачатку пратэстаў, якія ахапілі
Беларусь, сёмая — распавядае непасрэдна пра падзеі жніўня 2020 году,
калі сотні пратэстуючых беларускіх грамадзян былі затрыманыя і зазналі
катаваньні ў ізалятары на вуліцы Акрэсьцінаў Менску.
9 красавіка ўдзельнікі руху SERB напалі на дырэктара фэстывалю Віталя Манскага. 7 красавіка актывісты SERB паспрабавалі сарваць паказ конкурснага фільму «Дарога дадому» беларускага рэжысэра Арцёма Лобача. У фільме распавядаецца аб пераезьдзе жыхара Крыму ва ўкраінскую вёску пасьля анэксіі паўвострава Расеяй. Актывісты SERB выступалі супраць фармулёўкі «анэксаваны Расеяй Крым», якая выкарыстоўвалася ў анонсе да фільму.
Фэстываль праходзіў 2-9 красавіка ў Маскве, з 3 па 10 красавіка павінен быў працягнуцца ў Санкт-Пецярбургу, але яго забаранілі нібыта праз каранавірус. З 28 красавіка па 3 траўня ён пройдзе ў Рызе.
Ганна Ліс расказвае пра фільмы беларускай праграмы.
Кароткамэтражны фільм Колі Купрыча «Сёстры Акрэсьціна» паказвае момант вызваленьня першых палонных турмы, затрыманых у пэрыяд з 9-га па 14 жніўня. У першых кадрах мы бачым дзяўчыну, якая расшыфроўвае тэлефон, «напісаны» на туалетнай паперы — кожны надрыў азначае лічбу нумара. Яна змагла датэлефанавацца да маці дзяўчыны, каб перадаць пасланьне і сказаць самае важнае — што дачку ня білі. У хаосе, які тады панаваў вакол, гэта быў сапраўдны цуд.
Блытаныя эмацыйныя апавяданьні пра крывавыя падзеі ў мурах турмы на Акрэсьціна, дзясяткі людзей, якія чакаюць сваіх блізкіх, палявая кухня, чорныя грузавікі зь цёмнымі вокнамі, узаемадапамога і яднаньне, нягледзячы на тупую жорсткасьць улады. Камэра спыняецца на трох гераінях — Надзеі Бродскай, Святлане Сугака і Дар’і Андрэянавай. Усе яны працавалі ў Свабодным тэатры, дзе стваральнік фільму Коля Купрыч ставіў спэктаклі. Жанчыны былі схопленыя на выбарчым участку, правялі некалькі сутак у перапоўненых камэрах і сталі сьведкамі зьбіцьця і катаваньняў у традыцыях гестапа і НКВД.
Надзея, Святлана і Дар’я зьяўляюцца ў кадрах поўнамэтражнага фільму «У адзіночку» (рэжысэры Мікалай Халезін, Натальля Каляда і Эндру Сьміт). Прыкладна за год да пратэстаў ўкраінскі музыка Андрэй Хлыўнюк прыехаў у Беларусь на рэпэтыцыю спэктаклю Свабоднага тэатру. Будучы салістам папулярнага гурту Boombox, ён вырашае стаць на шлях палітычнага актывізму і выступіць у абарону Алега Сянцова, супраць анэксіі Крыму і вайны на ўсходзе Ўкраіны. Ён удзельнічае ў адной з пастановак Свабоднага тэатру, прысьвечанай акупацыі Беларусі падчас Другой сусьветнай вайны. Акторы гуляюць сьведак жорсткасьці як з боку фашыстаў, так і з боку Чырвонай арміі — што замоўчвалася афіцыйнай прапагандай.
Затым Андрэй наведвае мэмарыял ахвярам рэпрэсій Курапаты, спачатку ўлады хацелі пабудаваць на месцы могілак кальцавую дарогу, а затым бульдозэры зьнесьлі сто крыжоў, мяркуючы па ўсім, паводле асабістага ўказу Аляксандра Лукашэнкі, які раней казаў: «Якая розьніца, хто і каго там расстрэльваў?»
Зьнішчэньне памяці аб сталінізьме і таталітарным рэжыме, на думку героя карціны — тое што прывяло і да далучэньня Крыму, і да вайны ва Ўкраіне. Такім чынам, фільм «У адзіночку» зьяўляецца вузлавым пунктам праграмы «Жыве Беларусь!» у якой сыходзяцца праблемы Расеі, Украіны і Беларусі.
Разбурэньне мэмарыялу — толькі адна са шматлікіх падзей, якія папярэднічалі пратэстам. Фраза «Беларусь — апошняя дыктатура Ўсходняй Эўропы» становіцца рэфрэнам ўсяго блёку фільмаў праграмы. Яна гучыць і ў дакумэнтальнай кароткамэтражцы «Пакаленьне 328» аб маці, якія змагаюцца за правы сваіх дзяцей, абвінавачаных у захаваньні і распаўсюджваньні наркотыкаў. У Беларусі 10 тысяч зьняволеных асуджаныя на дзясяткі гадоў за ўжываньне або падкідваньне маленькіх доз марыхуаны.
Іншыя кароткамэтражныя фільмы блёку таксама паказваюць панараму перадпратэставага жыцьця — ці гэта гэта сюррэалістычнае сьвяткаваньне Купальля, як у фільме Вольгі Прусак «Новае неба над краінай», ці гэта экспэрымэнтальнае відэаэсэ «Вольга» Марата Пататуркі пра беларускую дзяўчыну, якая нечакана прыняла пострыг у манашкі, ці гэта гісторыя пра тое, як галеча штурхае жанчын на панэль, як у дакумэнтальнай відэазамалёўцы «Ну, дапусьцім, Лена...» Аляксандры Маркавай.
Адной з самых цікавых кароткамэтражных карцін зьяўляецца стужка «Усе мерапрыемствы па пляне» Алеся Лапо, зьнятая на дзяржаўнай беларускай кінастудыі. Прыклад віртуознай эзопавай мовы ў найлепшых традыцыях савецкага кіно. Галоўны герой фільму дырэктар сельскага дому культуры Дзяніс Дашкевіч вырашае адкрыць кампутарны клюб для пажылых людзей. Але пэнсіянэры заклапочаныя зусім іншымі праблемамі і заклікі культработніка не сустракаюць у іх водгуку. Кульмінацыяй становіцца размова з пажылым мужчынам, які раскідвае гной у шэрым вясновым полі. І гэта, бадай сапраўды самая дакладная мэтафара дачыненьняў народу і ўлады на ўсёй постсавецкай прасторы.