- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
24 траўня выйшаў другі нумар дыяцэзіяльнай газеты “Каталіцкі веснік”, рэдактарам якой з’яўляецца каталіцкі святар Віктар Місевіч. На старонках газеты можна прачытаць пра апошнія падзеі ў рэлігійным жыцці Віцебскай дыяцэзіі – парафіяльныя святы ў Дзеркаўчыне, Порплішчы, Гняздзілаве, Полацку моладзевыя сустрэчы ў Віцебску і Друі. Карэспандэнтка “Каталіцкага весніка” Кацярына Лаўрыненка піша пра ўрачыстасці беатыфікацыі Яна Паўла ІІ ў Рыме, удзел у якіх прынялі беларускія каталікі. Таксама ў газеце змешчаныя інтэрв’ю з глыбоцкай удзельніцай рэлігійнага руху “Легіён Марыі” Ірынай Губскай, апытанне на тэму стаўлення хрысціяніна да сучаснай моды. Святар Павел Кнурэк прадставіў свае разважанні над Святым Пісаннем, а кс. Віктар Місевіч выказваецца пра законапраект аб рэпрадуктыўных тэхналогіях. Газета цалкам складаецца з арыгінальных матэрыялаў. За кароткі час ксёндз Віктар Місевіч здолеў згуртаваць таленавітых аўтараў, якія ствараюць якасны інфармацыйны прадукт. Многія чытачы спрычыняюцца да выдання газеты сваімі ахвяраваннямі. Грошы на выданне “Каталіцкага весніка” пералічылі васемнаццаць чалавек, у тым ліку чатырнаццаць глыбачанаў.