Аўтар аповесці
«Вершалінскі рай», гродзенскі пісьменнік
Аляксей Карпюк, у мастацкім афармленні прадстаўляе
ўмовы ўзнікнення рэлігійнага руху ў ваколіцы дзе нарадзіўся і правёў маладосць.
У вёсцы
Грыбоўшчына Сакольскага павету,
непадалёк Крынак, селянін
Ілля Клімовіч аб’явіў сябе прарокам і неўзабаве вакол яго сабралася група людзей, якія дарогай вуснай прапаганды стварылі легенду пра другога, пасля Хрыста, пасланніка Бога да грэшных людзей на зямлі. Весткі пра цуды за справай малітваў Клімовіча хутка разышліся па ўсёй Заходняй Беларусі, Віленшчыне і Валыні.
Паломнікі нават па некалькі тыдняў ішлі да
Грыбоўшчыны, каб пабыць блізка святога, які сілай унутранай энергіі вяртаў людзям здароўе, вызначаў этычныя і маральныя нормы. Сляпыя пачыналі бачыць, глухія ад маленства ўсё чуць, мясцовыя бандыты адыходзілі ў нябыт. Паломнікі неслі і везлі Клімовічу ўсё самае дарагое што мелі — грошы, ільняное палатно, курэй, гусей, кароваў. Нажываліся ашуканцы з ягонага атачэння, што раней аб’явілі сябе апосталамі.
Грыбоўшчынская секта магла ўзнікнуць толькі ў выніку вялікага
крызісу Праваслаўнай царквы пасля бальшавіцкага перавароту ў Расіі. Упарадкаваны свет беларусаў, што жылі на Беласточчыне рассыпаўся падчас Першай сусветнай вайны. Пераважная большасць з іх летам 1915 года была вымушаная выехаць углыб Расіі. Там спачатку бежанцам здавалася, што яны трапілі ў рай, які ў неўзабаве па палітычных прычынах пераўтварыўся ў рэальнае пекла.
Аляксей Карпюк, як грамадзянін савецкай Беларусі, хоць і пачынае гісторыю Клімовіча і сялянскай грамадскасці Сакольскага павета з канца XIX стагоддзя, нічога не згадвае пра бежанства. У беларускай гістарыяграфіі па невядомых прычынах пра перасяленне 1,5 мільёна беларусаў з заходніх губерняў углыб Расійскай Імперыі ў 1915 годзе не згадваюць нават у акадэмічных падручніках. Паводле Карпюка аб’яўленне Клімовіча сябе прарокам было вынікам лякальных псіхалагічных і сацыяльных абумоўленасцей. Беластоцкі сацыёлаг Уладзімір Паўлючук, які ў 1960-х гадах першым даследаваў феномен грыбоўшчынскай секты і меў магчымасць гаварыць з яе вернікамі, даказвае, што ідэя руху была інспіравана падобнымі рэлігійнымі структурамі якія масава ўзнікалі ў пагружанай ваенным хаосам Расіі.
«Вершалінскі рай» гэта
аповед пра беларускае сялянства ў Польшчы міжваеннага перыяду. У кніжцы паказаныя сапраўдныя вёскі і мястэчкі, сапраўдныя людзі і самае цікавае — іх менталітэт. З таго часу прайшло амаль цэлае стагоддзе, усё змянілася, апрача менталітэту. Нашчадкі тых сялян жывуць сёння ў гарадах, карыстаюцца інтэрнэтам, мабільнымі тэлефонамі, перамяшчаюцца дарагімі аўтамабілямі, гавораць нават на англійскай мове, толькі вераць сёння ўсялякім Клімовічам, што прамаўляюць да іх па тэлевізары.