Kamunikat.org выдае рэтрадэтэктыў Змітра Дзядзенкі «Гульні Цырцэі»
2024-06-26 20:05
Мы здалі ў друк рэтракрымінал Змітра Дзядзенкі «Гульні Цырцэі»! Сюжэт адсылае нас у Воршу пачатку 1920-х.
Горад ужо некалькі гадоў жыве «пад прыцэлам»: немцы, паўстанне левых эсэраў, дзейнасць ЧК, атрады зялёных і дэзерціраў... У дзяцей — свой, паралельны свет. Тут узнікае асобная дзіцячая дзяржава. І гэта не проста каралеўства, а імперыя з калоніямі. У яе ёсць сваё войска, свае грошы (папяровыя і металічныя — з пералітых куляў). Тут ладзяць кірмашы і плоцяць заробкі — напрыклад, паштару, які двойчы ў дзень носіць загады ад метраполіі ў калоніі. Гэтая дзяржава вядзе войны з сумежнымі тэрыторыямі і часам заваёўвае іх.
Называецца дзяржава ПУД — скарочана ад рускага наймення вуліцы «Пациановская у Днепра». Як у гісторыі ўсякай іншай дзяржавы, не абышлося тут без антыкаланіяльных паўстанняў і падступных інтрыг. Летапісец ПУДа піша, што адна з дзяўчынак вырашыла ўзняць бунт у калоніі, каб вырвацца з-пад імперскага ярма. Выдаў яе віцэ-кароль калоніі. Бунт падавілі, на калонію наклалі кантрыбуцыю. Змоўшчыцу прысудзілі да «расстрэлу камянямі»… Будзе цікава!!!
Вокладка кнігі - Артур Вакараў.