Kamunikat.org на кніжным кірмашы ў Беластоку
2025-04-18 18:00
25-27 красавіка ў Беластоку адбудзецца Кніжны кірмаш, падчас якога запланаваныя і мерапрыемствы, датычныя беларускай літаратуры. На месцах 79-80 размесціцца салон незалежных беларускіх выдавецтваў, паведамляе Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку. Арганізатары - Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку i Фонд Kamunikat.org.
Праграма мерапрыемства анансуе аўтограф-сесіі, сустрэчы з аўтарамі і мноства беларускіх кніг.
25 красавіка (пятніца)
Салон незалежных беларускіх выдавецтваў
16.00 - аўтограф-сесія Міхала Андрасюка, кніга
"Żubr" на польскай мове, першае выданне Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку.
Міхал Андрасюк — аўтар шматлікіх апавяданняў і раманаў, які жыве ў Гайнаўцы і вёсцы Вoйнаўка на польска-беларускім памежжы. Піша па-беларуску і па-польску.
26 красавіка (субота)
Салон незалежных беларускіх выдавецтваў
11:30 - аўтограф-сесія
Ганны Кандрацюк, кніга на беларускай мове
"Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці" (Цэнтр беларускай культуры).
Кніга - гэта сем партрэтаў незвычайных асобаў: Кастуся Каліноўскага, Ежы Папялушкі, святой Марыі (Петручук), Алеся Пушкіна, Юркі Гіля, Надзеі Артымовіч, Юры Гумянюка.
Ганна Кандрацюк - журналістка і пісьменніца з Падляшша. З 1993 года супрацоўнічае з тыднёвікам беларусаў у Польшчы “Ніва”.
Зал №2
12.30 - аўтарская сустрэча з сёлетнім лаўрэатам Ляйпцыгскай кніжнай прэміі еўрапейскага паразумення Альгердам Бахарэвічам.
Беларускі пісьменнік
Альгерд Бахарэвіч прэзентуе сваю новую кнігу “Папяровы голем”, якая з’явілася ў выдавецтве "Янушкевіч" восенню 2024 года. Твор складаецца з лаканічных і правакацыйных тэкстаў пісьменніка, якія з’явіліся ў эміграцыі.
Салон незалежных беларускіх выдавецтваў, аўтограф-сесіі
13.30 - Альгерд Бахарэвіч, кніга "Папяровы голем"
14:30 - Цімур Кудзеліч, раман "Значныя дні".
15:30 - Андрэй Скурко.
27 красавіка (нядзеля)
Зал №2
10:30 - Сустрэча з класікам беларускай літаратуры і сябрам Праграмнай Рады Цэнтра Уладзімірам Арловым, які напісаў уступнае слова да кнігі ўспамінаў Ларысы Геніюш
"Птушкі без гнёздаў". Выданні на беларускай і польскай мовах Цэнтра беларускай культуры і Фонда Kamunikat.org.
Ларыса Геніюш прайшла праз расстрэл бацькі, эміграцыю, пазбаўленне чэшскага грамадзянства, выдачу савецкім уладам, турму, допыты КДБ, ГУЛАГ. Пра яе нялёгкі лёс і выпрабаванні яна і згадвае ў сваёй кнізе.
Салон незалежных беларускіх выдавецтваў
13:00 -
Алесь Аркуш, двухмоўны паэтычны зборнік "Чаму праўда такая слабая?"
Таксама падчас Кніжнага кірмашу адбудзецца старт продажаў новай кнігі прозы Барыса Пятровіча
"Цнота на потым" (Фонд Kamunikat.org).
У новую кнігу прозы
Барыса Пятровіча ўвайшлі дзве аповесці і эсэ. Гэта захапляльнае падарожжа па пазнавальных краявідах Менска ды іншых гарадоў і мястэчак Беларусі, а таксама знаёмства з неардынарнымі асобамі, якія сталі героямі твораў.
У дні Кніжнага кірмашу адбудзецца сустрэча з Юліяй Цімафеевай пад назвай "Аўтапартрэт у выглядзе костачкі авакада". Вершы і размовы пра тое, адкуль мы, хто мы і куды мы ідзём.
26 красавіка, 19.00
Беларускі Хаб "Новая Зямля" / Białoruski Hub "Novaja Ziamla"
вул. Св. Роха 5, памяшканне 32, Беласток