Ірына Чарняўка: Я пабачыла ўпершыню за год фота Паўла
2023-07-10 20:40
У Гародні пачаўся суд над адвакаткай Юліяй Юргілевіч ды журналістам Паўлам Мажэйкам. Іх вінавацяць паводле ч. 2 арт. 361-4 КК за іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, учыненае паўторна, групай асоб па папярэдняй змове. Справу ў Гарадзенскім абласным судзе разглядае суддзя Максім Філатаў.
Госця Рацыі – жонка Паўла Мажэйкі Ірына Чарняўка каментуе гэтую сітуацыю. З ёй размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.
РР: Давайце пачнём ад першай рэакцыі. Вельмі доўга Павел быў за кратамі. Ужо прыдумалі нейкі суд, яго арганізавалі, і ён адбываецца літаральна цяпер у гэтыя хвіліны. Ваша чалавечая рэакцыя на гэта?
Ірына Чарняўка: Я на “БелТА” пабачыла ўпершыню за год фота Паўла, і фота са спіны, і з каментара я зразумела, што ён і Юля ў гэтай клетцы, у каторай іх пасадзілі ў судзе, павярнуліся спінамі да камер прапагандыстаў, калі тыя прыйшлі іх здымаць для сваіх прапагандысцкіх ролікаў, відэа. І вось упершыню за год я бачу Паўла. Хай і такім абрэзаным, са спіны і праз шкло, праз нейкія там перамычкі на гэтым шкле. Я вельмі чакала, што можа быць атрымаецца зрабіць фота, ну, вось бачу такое. Не ведаю, як ён выглядае праз гэты год, што ў яго са здароўем. Але ён у лістах казаў, што ўсё добра. Таму вельмі спадзяюся, што ён добра сябе пачувае. Ведаю, што настроены ён рашуча і за сябе ён будзе змагацца.
РР: Калі зараз гаварыць пра беларускае правасуддзе, то там ёсць вось гэтая інфармацыя, што нельга нічога разгалошваць, з адваката бяруць падпіскі, што нельга разгалошваць. Давайце нашым слухачам нагадаем, што вам вядома ў рамках таго, што нібыта нічога нельга разгалошваць. Спасылаючыся на тую ж інфармацыю “БелТА”, суд адкрыты.
Ірына Чарняўка: Вось гэтыя здымкі, я так разумею, што яшчэ перад судом. Сям’і паведамілі яшчэ да пачатку суда, што суд будзе адкрыты. Суддзя, канешне, у любы момант можа яго закрыць. Што нам вядома? Толькі вось з гэтай інфармацыі на “БелТА” мы разумеем, якое “садзейнічанне экстрэмізму” яму “шыюць” уласна кажучы. Яму і Юліі Юргілевіч. І вельмі складана штосьці зразумець з гэтага паведамлення: то невядомыя асобы ў невядомы спосаб, у невядомы час зрабілі невядома што, і ў гэтым быў экстрэмізм і парушэнне асноў дзяржаўнасці і права. І гэта, канешне, вельмі моцна характарызуе ўсю гэтую справу.
Павел у адным з лістоў напісаў, што калі я знаёміўся са сваёй справай: пачытаў сваю справу, вельмі забаўна, я казкі для Юркі прыдумваю лепей.
Так што я думаю, што прыкладна па гэтай інфармацыі, што ў іх з пункту гледжання права няма нічога. Але так, да самага апошняга моманту ты не можаш ведаць, бо закрытая інфармацыя. Яны могуць закрыць любую інфармацыю, і ў чым цябе абвінавачваюць, і які артыкул, і дзе знаходзіцца. Вось Паўла Севярынца толькі сёння сям’я знайшла. У якую турму яго пасадзілі. Тое самае і ў нашым выпадку, то бок у чым яго абвінавачваюць, мы да гэтай публікацыі “БелТА” так і не ведалі.
РР: Сапраўды, вельмі мала інфармацыі. Вось як яно жывецца ў такім адчуванні, не ведаю, вакууму не вакууму? Бо гэта вельмі важныя такія рэчы: суды, суддзя, ён робіць выгляд, што ён судзіць, ён апранае гэтую мантыю. Раніцай прачнуўся, ідзе на працу, і, напэўна, ён таксама разумее, што, як кажуць у інтэрнэце: калі вы займаецеся ерундой, то ўзгадайце, што ёсць беларускія суддзі, якія таксама ходзяць на працу.
Ірына Чарняўка: Вось гэта для мяне таксама пытанне, бо да суда была адна следчая, пасля другая следчая група. Былі нейкія эксперты, і экспертызы, наколькі я разумею, нічога не далі гэтаму следству з пункту гледжання нейкіх доказаў. А на судзе сёння збіраліся знаходзіцца маці і сястра. Я вельмі спадзяюся, што яны туды патрапілі, сувязі з імі пакуль што няма. Калі яны туды патрапілі, тэлефоны, напэўна, адключаныя. Я вельмі спадзяюся, што яны нейкія свае ўражанні пасля дадуць. Раз у іх адключаныя тэлефоны, спадзяюся, што суд адкрыты, іначай іх бы выгналі б адтуль і яны ўжо патэлефанавалі б, хаця б расказаць пра тое, як Павел сябе пачувае.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.
Беларускае Радыё Рацыя