Інга Рэйдольф: З’ехала з Беларусі, бо разумела, што не вытрымаю
2023-05-24 16:38
Палітзняволеныя, якія выйшлі на волю, распавядаюць пра ўмовы іх утрымання за кратамі. Аповеды часта не для слабанервовых.
Сёння падзеліцца ўмовамі свайго ўтрымання ў ізалятары на Акрэсціна і ў СІЗА на Валадарцы былая палітзняволеная, „Госця Рацыі” Інга Рэйдольф.
РР: Скажыце, за што Вас затрымалі?
Інга Рэйдольф: Была затрымана 13 кастрычніка 2022 года за ўдзел у мітынгах, артыкул 342, ч.1.
РР: Дзе Вы адбывалі пакаранне?
Інга Рэйдольф: Тры месяцы я была ў СІЗА, да гэтага тыдзень на Акрэсціна. Агулам 98 дзён атрымалася. Прысудзілі два з паловай года “хатняй хіміі”. Думала, што неяк выцягну, неяк змагу, але пасля таго, як мяне паставілі на ўлік, зразумела, што не. Бо пачаўся нагляд, пачалі хадзіць правяраць днём і ноччу. І я зразумела, што я не вытрымаю. І 21-га сакавіка я вырашыла, што трэба ўцякаць. Я прыехала з дзіцём, бо не магла яго пакінуць. 25 сакавіка мы з ім перасеклі мяжу.
РР: І вам дазволілі?
Інга Рэйдольф: Канешне не! Але свет не без добрых людзей. Дзякуючы людзям, якія дапамагаюць такім як я. Яны ўсё спланавалі. Мяне курыравалі, накіроўвалі. Ехалі самі, але па наводцы. Візы былі, але паколькі ў мяне нявыезд, з аднаго боку неафіцыйна, а з іншага – афіцыйна. Дабіраліся самалётамі, цягнікамі, маршруткамі, аўтобусамі. Спачатку прыехалі ў Літву, а пасля ўжо ў Польшчу, бо ў мяне польская віза.
РР: Якія ўмовы былі ў СІЗА?
Інга Рэйдольф: Умовы былі “шыкоўныя”! Асабліва на Акрэсціна. На Валадарцы, калі выбіраць з двух ліх, то там было крыху лепш у плане харчавання і адносіны лепшыя, бо на Акрэсціна адносяцца як да свалаты. Адчуванне, што людзі – гэта ўвогуле не людзі, а бруд. На Акрэсціна працуюць дзве блізнючкі і бачна, што яны проста ганарацца сабой і сваёй перавагай над людзьмі. Адносіны да людзей жорсткія. Спалі мы на падлозе. Памятаю, завялі мяне ў камеру, а там 13 чалавек штабялямі, хто не паспеў на шконку легчы, тыя на падлозе. Мярзотна, вошы, клапы, падсялялі бамжоў, каб не сумна было. Туалетную паперу трэба было выпрошваць, не давалі зубныя шчоткі і зубную пасту. Перадачы не аддавалі. Усё трэба было выпрошваць, яны лічылі, няхай чалавек прыніжаецца. Гэта нечалавечыя ўмовы і ўчынкі. Там працуюць літаральна звяры. Пасля ўсяго не магу іх па-іншаму называць.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя