Размова з госцем эфіру пра працу лагапеда і дэфектолага, прымусовую эміграцыю ды беларусаў у Польшчы.
Нямногія ведаюць, што вядомая грамадская дзеяч
Іна Кулей па прафесіі – лагапед і дэфектолаг. Яна, як і сотні тысяч беларусаў, была прымушаная пакінуць радзіму з-за пагрозы пераследу. Пасля месяцаў працы анлайн па прафесіі, жанчына адкрыла
свой кабінет у Варшаве. Мы паразмаўлялі з ёй пра працу лагапеда і дэфектолага, прымусовую эміграцыю ды беларусаў у Польшчы.
Іна Кулей кажа, што рашэнне аб адкрыцці кабінета было прынятае па простай прычыне: праца з пацыентам «адзін на адзін» абсалютна іншая, чым у сеціве.
«Ёсць такія рэчы, якія не зробіш на адлегласць. Напрыклад, лагапедычны масаж, які трэба рабіць, калі дрэнна працуюць моўныя цяглічкі. Альбо калі кепска вымаўляецца гук «р», які даволі цяжкі, і вымаўляць які трэба дапамагчы», – гаворыць спецыяліст.
Яна дадае, што анлайн працавала з пацыентамі па ўсім свеце, цяпер жа асноўная група пацыентаў – гэта беларусы. Пры гэтым жанчына звяртае ўвагу на тое, што ўсё больш беларусаў пачынае размаўляць на роднай мове – нават тыя, якія раней яе не ведалі.
«Я вельмі ўсцешаная, што беларускамоўных пацыентаў становіцца ўсё больш. Ёсць сем’і, дзе бацькі не размаўляюць па-беларуску, але вельмі хочуць, каб дзіця размаўляла на роднай мове», – кажа дэфектолаг.
Вельмі шмат высокакваліфікаваных спецыялістаў былі прымушаныя пакінуць радзіму, апасаючыся пераследу з боку рэжыму.
«З аднаго боку, дрэнна тое, што людзі прымушаныя пакідаць сваю краіну. З другога боку, ёсць пазітыўны момант – проста трэба вывучыць досвед, бо гэта еўрапейскія стандарты (...), якія адрозніваюцца ад лукашэнкаўскай сістэмы», – гаворыць Іна Кулей. Гэты досвед, паводле яе слоў, спатрэбіцца пры стварэнні Новай Беларусі.
З Інай Кулей размаўляў Валеры Саўко.
размова цалкам – слухайце аўдыёфайл