- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Увогуле тэма Грунвальдскай бітвы знаходзіцца ў цэнтры ўвагі даследчыкаў з розных краін фактычна ад самага XV ст., калі яна адбылася. Аднак жа Мечысловас Ючас у аўтарскай прадмове слушна зазначае, што, нягледзячы на гэта, і сёння застаецца шэраг пытанняў, на якія няма дакладнага адказу. Гэта пытанні аб агульнай колькасці войскаў, што ўдзельнічалі ў бітве; хто імі кіраваў; якую мэту пераследавалі саюзнікі; было адступленне літоўцаў на пачатковым этапе бітвы панічнымі ўцёкамі ці хітрым манеўрам? Апошняе з шэрагу спрэчных пытанняў: ці можна лічыць паспяховым вынік Вялікай вайны 1409—1411 гг., калі падчас яе мела месца як бліскучая перамога пад Грунвальдам, так і няўдалая аблога сталіцы Ордэна Марыенбурга ды наступны Торуньскі мір, які не даў чаканых вынікаў? Менавіта на гэтыя пытанні Мечысловас Ючас і імкнецца адказаць у сваёй кнізе.