Гранаты і стрэльбы супраць кветак і сьвечак. Як у Менску прайшоў марш «Дзяды супраць тэрору»
2020-11-01 19:43
Некалькі дзясяткаў тысяч чалавек выйшлі на праспэкт Незалежнасьці 1 лістапада на традыцыйны нядзельны марш пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту.
Людзі патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, вызваленьня палітвязьняў і правядзеньня новых свабодных выбараў.
Гэтым разам марш быў прымеркаваны да дня памінаньня продкаў і меў назву «Дзяды супраць тэрору», адзіная калёна не змагла сфармавацца з-за разгонаў і затрыманьняў, як мінімум тры асобныя калёны прарываліся праз ланцугі АМАПу і ўнутраных войскаў, які актыўна выкарыстоўвалі свае стрэльбы і шумавыя гранаты.
Некаторыя ўдзельнікі маршу ўсё ж дайшлі да мэмарыялу Курапаты, дзе пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсій, паклалі кветкі і сьвечкі на магілы.
32 гады таму яшчэ ў часы СССР на сьвята «Дзяды» ў Курапаты пайшло адно з першых шэсьцяў, якое было брутальна разагнана міліцыяй. Сёлетняе шэсьце, у адрозьненьне ад ушанаваньня ахвяр сталінізму на «Дзяды» ў папярэднія гады, таксама брутальна разганялі.
Удзельнікі пачалі зьбіраюцца каля станцыі мэтро «Парк чалюскінцаў» а 13 гадзіне. Марш рушыў па традыцыйным маршруце на праспэкт Незалежнасьці а 14.30.
Але сілавікі ў чорным і зялёным абмундзіраваньні ў балаклавах і масках з ужываньнем сьвятлашумавых гранат і стрэльбаў з гумовымі кулямі пачалі разгон шэсьця яшчэ на пачатку, каля будынку Дзіцячай чыгункі на праспэкце незалежнасьці. Там прагучалі першыя выбухі шумавых гранат і былі затрыманыя дзясяткі пратэстоўцаў.
Калёна падзялілася і з таго часу не змагла зьяднацца, людзі ішлі рознымі маршрутамі, ухіляючыся ад гвалту сілавікоў. Стрэлы гранат гучалі, сутычкі і разгоны адбываліся на вуліцы Каліноўскага, на Лагойскім тракце, на вуліцы Мірашнічэнкі і ўжо ў непасрэднай блізкасьці да Курапатаў, у полі паміж мэмарыялам і комплексам «Экспабел».
Калі адна з калён прайшла праз падземны пераход пад кальцавой дарогай, яе спынілі сілавікі. Пачаўся разгон, падчас якога мікрааўтобусы з сілавікамі ганяліся за дэманстрантамі па полі каля Курапатаў.
Тут было чуваць стрэлы і выбухі шумавых гранат, машыны даганялі людзей на высокай хуткасьці. Шмат людзей затрымалі.
На прылеглых вуліцах сілавікі ганяліся за тымі, хто ўцякаў ад іх.
Пасьля гэтага разгону яшчэ адна група ўдзельнікаў акцыі ўсё ж змагла дайсьці ў мэмарыял з цэнтра Менска, каля 1,5-2 тысяч чалавек, паведаміла агенцтва ТАСС. Там яны паклалі сьвечкі і кветкі прасьпявалі песьню «Муры», наведалі месца курапацкай варты ля рэстарану «Поедем поедим».
Людзі зь іншых калёнаў падыходзілі да Курапатаў падыходзілі яшчэ да 18 гадзін, пасьля чаго пачалі разыходзіцца.
Па стане на 18.55 праваабаронцам былі вядомыя прозьвішчы больш 130 затрыманых.