Глабальны пікет салідарнасці з Беларуссю
2021-05-29 20:08
Акцыя салідарнасці ў Беластоку, а ў Варшаве – вялікі пікет салідарнасці з Беларуссю. Як паведамілі відавочцы, на дэманстрацыю прыйшло каля паўтысячы чалавек.
Працягваецца галадаванне пад прадстаўніцтвам Еўракамісіі ў польскай сталіцы. Мэр стакгольмскага муніцыпалітэта ўзняў беларускі сцяг. «Мы хочам паказаць, на чыім мы баку», — заявіў мэр Накі Матс Герда.
Акурат у гэтым муніцыпалітэце знаходзіцца амбасада Беларусі. Бел-чырвона-белы сцяг размясціў на будынку рыжскай думы мэр латвійскае сталіцы Мартыньш Стакіс. Нацыянальныя штандары Беларусі з’явіліся і на гістарычным будынку палаца Браніцкіх у Беластоку.
У гадавіну затрымання блогера Сяргея Ціханоўскага ў розных гарадах Беларусі на вуліцах заўважылі тэматычныя тапкі – сатырычны сімвал барацьбы з прусаком. Віцябляне запісалі відэа пад дэвізам «На кожнага прусака знойдзецца свой тапак».
На адрэзку Партызанскага праспекта ў Менску прайшоў лакальны марш пратэсту. На акцыі салідарнасці таксама выйшлі беларусы Ізраіля, Вялікабрытаніі, Расеі, Аўстраліі, Канады, ЗША і Пуэрта-Рыка.
Беларускае Радыё Рацыя