«Гісторыя на Свабодзе». Ці пазначыў Скарына на партрэце свой узрост?
2023-03-22 23:48
Чаму Беларусь апынулася ў ліку чатырох краін, якія першымі ў сьвеце перайшлі на Грыгарыянскі каляндар? Чаму многія даты беларускай гісторыі памылковыя? Ці праўда, што Францішку Скарыну ў 1517 годзе, калі ён выдаў Біблію, было 47 гадоў?
Пра гэта і пра іншае на новым Ютуб-канале «Гісторыя на Свабодзе» мы гаворым з доктарам гістарычных навук, прафэсарам Сьвятланай Куль-Сяльверствай, аўтарам кнігі «Беларускі час. Летазьлічэньне ў Беларусі ад старажытнасьці да сучаснасьці».
Фрагмэнт размовы вядучага Сяргея Абламейкі зь Сьвятланай Куль-Сяльверствай
— Калі ў Беларусі пачалі сьвяткаваць Новы год 1 студзеня?
— Мне вельмі сьмешна кожны раз, калі перад Новым годам папулярныя СМІ Беларусі пачынаюць пісаць, маўляў, «Пётр І увёў...» У беларускім кантэксьце гэта вельмі сьмешна гучыць.
Мы гэты «студзеньскі стыль» (пачатак году ад 1 студзеня) прынялі больш чым на 300 гадоў раней. Гэта адбылося ў канцы XIV стагодзьдзя.
Там наогул цікавая гісторыя. Быў яшчэ і «снежаньскі стыль», калі год пачынаўся ад 25 сьнежня, ад Раства Хрыстовага. Гэты стыль ужываўся, напрыклад, у ордэнскіх дакумэнтах. А нашы ж людзі з Ордэнам вельмі цесна кантактавалі — ня толькі ваявалі, там і гандаль быў, і прыклады ўзаемнай падтрымкі.
І вось тады, у XIV стагодзьдзя, увайшоў ва ўжытак і «студзеньскі стыль», які ў наступным стагодзьдзі ўжо пачаў ужывацца ў нас паўсюдна.
Тады ж зьнік «верасьнёўскі стыль», паводле якога мы жылі да XIV стагодзьдзя, а «сакавіцкага» ў нас наогул амаль не было.
— Я ведаю, што цяпер вы працуеце на другой кнігай, прысьвечанай часу, у тым ліку, таму, якую ролю час адыгрываў у жыцьці людзей і як яны яго успрымалі. У гэтай сувязі ў мяне да вас важнае для беларускай гісторыі пытаньне. Некалькі гадоў назад чэскі навуковец расейскага паходжаньня Ільля Лямешкін выдаў у Празе на расейскай мове кнігу «Портрет Франциска Скорины». У ёй ён сьцьвярджае, што зьмешчаныя на партрэце літары «М З» азначаюць узрост Скарыны, якому, адпаведна, у 1517 годзе было 47 гадоў. А гэта азначае, што калі ў 1512 годзе ў Падуі Скарына бараніў доктарскую дысэртацыю, яму было 42 гады. І тут узьнікае супярэчнасьць, бо вядома, што прыёр Мэдычнай калегіі Падуанскага ўнівэрсытэту доктар Тадэо Мусаці, прадстаўляючы Скарыну, тройчы назваў яго юнаком. Ці маглі ў тыя часы назваць юнаком 42-гадовага мужчыну?
— Скажу так, у тыя часы 42 гады — гэта ўжо стары век. Гэта ўжо пажылы чалавек, нават ня сталы. Так было, фактычна, да ХІХ стагодзьдзя. Гэта трэба ведаць дакумэнты, ведаць эпоху. Я ня ведаю, ці гэты калега чытаў дакумэнты і ці ўнікаў ва ўспаміны і тэстамэнты.
Але нават калі ўзяць фіскальныя дакумэнты, напрыклад, попісы, дзе вялася статыстыка, то чалавек станавіўся дарослым, паўналетнім у 15 — 16 гадоў. У 16 гадоў ужо можна было браць шлюб. Значыцца, у 16 гадоў гэта не юнак, але малады чалавек, які ўжо плаціць падаткі, удзельнічае ў іншых фінансавых справах і можа ісьці ў войска.
Нават калі ўзяць інвэнтары, калі рабіліся перапісы сялян і гараджан і налічваліся падаткі, то туды 15 — 16-гадовых людзей ужо заносілі як паўнавартасных грамадзян зь юрыдычнымі правамі.
Так што, паўтараю, 15 — 16 гадоў — гэта ў той час, у XVI стагодзьдзі, нармальны ўзрост для правадзейнага і самадзейнага чалавека.
Пазьней гэта троху мяняецца, але ўсё роўна чалавек ва ўзросьце 16 — 20 гадоў заставаўся ўжо дарослым і правадзейным.
Так што назваць некага юнаком у 42 гады — гэта сьмешна.
— А што вы, як палеограф, можаце сказаць пра ідэю Ільлі Лямешкіна, што літары «М З» азначаюць на партрэце ўзрост Скарыны? У кнізе дасьледчык сьцьвярджае, што не знайшоў у чэскім жывапісе ніводнага тагачаснага партрэта, на якім не былі б указаныя год яго стварэньня і ўзрост партрэтаванага чалавека. А партрэт Скарыны, піша ён, таксама быў выкананы ў Празе.
— Што я магу сказаць пра знак «М З», які Лямешкін палічыў лічбамі... Я ня ведаю, наколькі гэты чалавек пагружаны ў палеаграфічныя дакумэнты таго часу, у тым ліку друку, і перадачу некаторых знакаў на пісьме.
Па-першае, гэтае «М З» на партрэце напісана з выкарыстаньнем прыёмаў вязі. Калі параўнаем іншыя прыклады вязі на партрэце, то ўбачым што і ў выпадку «М З» выкарыстаныя тыя ж прыёмы. А лічбы ніколі не пісаліся вязьзю, у выпадку перадачы лічбаў кірылічнымі літарамі ніколі не ўжываўся гэты прыём, гэтае ўпрыгожваньне. Бо вязь адразу губіць вельмі важны элемэнт кірылічнага напісаньня лічбы — цітла.
У кірыліцы лічбы могуць пазначацца літарамі, напрыклад, «Аз» — гэта адзін, «Ведзі» — два, і так далей. Але каб адрозьніць гэтую графему ад літары, над ёй ставілася цітла. Калі паглядзець выданьні Скарыны, то ў гэтым моманце ён быў вельмі дакладны. Ён заўсёды над літарамі, калі яны азначалі лічбы, даваў цітла.
Таму знак «М З» — гэта ня лічба, абсалютна. Гэта вэнзэль, абрэвіятура, якую трэба расшыфроўваць, як дзьве літары, а ня лічбу 47.
Ня ведаю... Мне здаецца гэта элемэнтарна для тых, хто займаецца палеаграфіяй і той эпохай. Нельга чакаць ад Скарыны такой неахайнасьці, каб ён парушыў усё, паставіў дзьве лічбы ў выглядзе вэнзэля вязьзю і не пазначыў цітлам, што гэта лічбы. Зь яго дакладнасьцю і яго павагай да кірыліцы як да альфабэту зрабіць такое — мне здаецца, гэта нонсэнс.
Так што гэта ні ў якім выпадку не 47.
Ну і казаць, што ўсе партрэты пазначаюцца датай і ўзростам партрэтаванага... З гэтым я таксама не магу згадзіцца. Напрыклад, на троху пазьнейшых сармацкіх партрэтах гэтая дата магла і ня ставіцца.