- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Даследчыкі беларускай літаратуры акрэсліваюць перыяд гісторыі літаратуры 30-40-х гадоў дзевятнаццатага стагоддзя – перыядам Новай літаратуры. Новая беларуская літаратура развівалася ў двух сустрэчных кірунках: з аднаго боку, у сялянскім асяроддзі, якое зберагала фальклор і мову продкаў, з'яўляліся паэты і літаратурныя творы, пераважна ананімныя («Віншаванне бондара Савасцея», «Імяніннае віншаванне», «Вясна гола перапала» і інш.), а з другога — польскамоўныя аўтары, ураджэнцы Беларусі, якія, выкарыстоўваючы фальклор і звяртаючыся да гістарычных праблем народнага жыцця, імкнуліся, каб іх творы траплялі пад «саламяныя стрэхі». Гэта зрабіла натуральным беларуска-польскае моўна-літаратурнае суіснаванне пад вокладкамі аднаго выдання, у якіх беларускаму слову адводзілася вядучая роля ў мастацкім і маральна-этычным планах. У падручніку, апрацаваным Міколам Хаўстовічам, даецца характарыстыка літаратурнага працэсу на Беларусі ў 30–40-я гг. ХІХ ст. Аналізуецца творчасць беларуска- і польскамоўных літаратараў Беларусі сярэдзіны ХІХ ст., асвятляюцца пытанні, прадугледжаныя праграмай для вышэйшых навучальных установаў.