en

Гісторык пра 17.09.1939 года: «Калі будаваць дзяржаву на нянавісці, на крыўдзе іншых, мы ў падмурак закладаем міну»

2023-09-17 20:44
Гісторык пра 17.09.1939 года: «Калі будаваць дзяржаву на нянавісці, на крыўдзе іншых, мы ў падмурак закладаем міну»
:/:

Погляд на гэтыя падзеі дыяметральна адрозніваецца ў Польшчы і Беларусі.

17 верасня 1939 года Савецкі Саюз вераломна напаў на Польшчы, парушыўся двухбаковую дамову аб ненападзенні. Погляд на гэтыя падзеі дыяметральна адрозніваецца ў Польшчы і Беларусі. Палякі лічаць гэтую дату адной з самых трагічных у сваёй гісторыі. Зусім інакш прадстаўлялі падзеі 17 верасня 1939 года ў СССР, а цяпер да гэтых шаблонаў вяртаецца расійская, а за ёй і беларуская прапаганда. 

17 верасня 1939 года польскі народ ужо звыш двух тыдняў змагаўся з нямецкім агрэсарам, калі на яго з усходу напала Чырвоная армія. Далейшая барацьба палякаў была цалкам пазбаўленая сэнсу, гаворка ішла ўжо толькі пра тое, каб выжыць, захаваць сваё жыццё. Савецкі Саюз напаў на Польшчу ў выніку тайнага пагаднення з Гітлерам, якое падзяліла тэрыторыю краіны. Стала ясна, што польскім салдатам не ўдасца справіцца з падвойнай навалай.

У Беларусі гэта радасная гадавіна, нават названая Днём народнага адзінства. У нейкай ступені аб’яднанне беларускага народу сапраўды было актам справядлівасці, паколькі землі, на якіх пражывалі этнічныя беларусы, былі падзеленыя ў выніку Рыжскага міру пасля Першай сусветнай вайны, але тыя падзеі зусім не прынеслі свабоды беларускаму народу, – адзначае гісторык Валянцін Голубеў.

- З пункту гледжання беларускай дзяржавы гэта быў акт справядлівы, таму што ён аб'яднаў асноўныя беларускія масівы і даў магчымасць беларускаму народу развівацца ў складзе адной дзяржавы. Мінусам было тое, што мы аказаліся не ў незалежнай дзяржаве, а былі часткай Савецкага Саюза. Зговар паміж Сталіным і Гітлерам, Молатавым і Рыбентропам пярэчыў усім міжнародным стандартам. У Беларусі пачаўся перыяд яшчэ большага ўціску.

З’яднанне тэрыторыі – гэта не тое ж самае, што аб’яднанне нацыі. Нельга будаваць уласную дзяржаву такімі гнуснымі сродкамі, – кажа гісторык, кіраўнік суполкі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў Варшаве Яўген Дудкін.

- Паміж СССР і Польшчай існавала дамова аб ненападзе. А якія вынікі дало гэтае нападзенне 17 верасня 1939 года? З аднаго боку дэклараваная свабода для беларусаў, але ўжо ў першыя дні пачаліся забойствы апанентаў, напрыклад, арышт Антона Луцкевіча, які быў вывезены ў БССР і загінуў трагічна, пераслед духавенства, заможных сялянаў. Прапаганда кажа пра вызваленне жыхароў гэтых земляў, але ж там пражывалі не толькі беларусы, былі таксама палякі. 17 верасня было ўзʼяднанне тэрыторый, але калі казаць пра наступствы, трэба плакаць і беларусам, і палякам, паколькі мы атрымалі сталінскі тэрор. Нельга ствараць дзяржаву гнуснымі метадамі і формамі. Калі будаваць дзяржаву на нянавісці, на крыўдзе іншых, мы ў падмурак закладаем міну, якая калі-небудзь узарвецца.

А што прынесла Чырвоная армія беларусам, якія пражывалі ў той час на Беласточчыне? Перш за ўсё, з пункту гледжання савецкай ідэалогіі, неабходна было іх перавыхаваць, каб стварыць на гэтых землях «савецкага чалавека». Распавядае Славамір Іванюк, віцэ-старшыня Беларускага гістарычнага таварыства, якое дзейнічае ў Польшчы.

- Жыхары мелі быць савецкімі людзьмі, хваліць савецкую ўладу. Гэтаму служыла школьніцтва, газеты, розныя мерапрыемствы. А вёску датыкала калектывізацыя. Там, куды прыйшлі саветы, гэта рабілася паводле плану.

Такім чынам, як адзначаюць гісторыкі, 17 верасня 1939 года не прынесла беларусам ні доўгачаканай свабоды, ні ўласнай дзяржавы, а стала пачаткам пашырэння сталінскага прыгнёту.

нг

Kamunikat.org – Belarusian Internet Library
Permission for reprints of the resources is granted only with the credit to the source.
Permission for reprints on the Internet is granted only with the hyperlink to the Kamunikat.org site.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Copyright © 2000-2023 by Kamunikat.org