- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Нават Васіль Быкаў гаварыў: «Паліцаі насілі штаны. Дык што, нам цяпер і штаны забараніць?»
Сцяг – моцны палітычны сімвал, які цяпер, як і стагоддзі таму, можа мабілізоўваць, аб'ядноўваць людзей. Чаму ўлады Беларусі самі зрабілі ўсё магчымае, каб адштурхнуць пратэстную частку грамадства ад афіцыйнай сімволікі дзяржавы, у чым супярэчнасць іх змагання з бел-чырвона-белым сцягам і лозунгам «Жыве Беларусь!» – распавядае гісторык Андрэй Катлярчук.
Гісторык робіць невялікі экскурс у мінулае, ён прыводзіць факты, якія паказваюць, што ў Заходняй Беларусі ў пачатку ХХ стагоддзя бел-чырвона-белы сцяг хутка заваяваў сімпатыі людзей і нават пайшоў у масы.
Савецкая ўлада змяніла сімволіку. Перыядам выкарыстання ў публічнай прасторы бел-чырвона-белага сцяга зʼяўляецца час Вялікай айчыннай вайны. І гэта спрабуюць усяляк выкарыстоўваць прапагандысты, заяўляючы, што гэта фашысцкі сцяг, сцяг калабарантаў.
— Прапагандысты кажуць, што пад гэтым сцягам забівалі людзей. Міністр абароны Беларусі Хрэнін адчуў сябе гісторыкам і гаворыць, што пад Хатынню людзей забівалі, закапвалі жывымі пад гэтым сцягам.Але ў нас няма ніводнай фотакрыніцы, якая паказвае бел-чырвона-белы сцяг у кантэксце карных аперацый. Нават Васіль Быкаў гаварыў: «Паліцаі насілі штаны. Дык што, нам цяпер і штаны забараніць?». А сітуацыя такая: пачатак акупацыі, ёсць чырвоны сцяг БССР і ёсць нацыянальны сцяг, а іншых няма. Гісторык Уладзімір Ляхоўскі даследаваў гэтую тэму. Немцы ўсе тры з паловай гады акупацыі вырашалі, што рабіць з бел-чырвона-белым сцягам. Кампраміс быў такі: на святы яго можна было паказаць. Але гэта кампраміс мясцовых уладаў, якія Берлін не зацвердзіў, бо сімвалам акупацыі былі свастыка і чырвоны нацысцкі сцяг.
Гісторык таксама звяртае ўвагу на лозунг «Жыве Беларусь!», які рэжым Лукашэнкі таксама спрабуе крыміналізаваць. Гэты лозунг выкарыстоўваўся ў тым ліку ў перыяд Другой айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі, а гераізацыя гэтай вайны – адзін з ідэалагічных канцэптаў Лукашэнкі.
– Партызанскі марш, 1943 год, беларускі паэт Пімен Панчанка. Як можна гэты вокліч рабіць экстрэмісцкім? Гэта частка перамогі ў Вялікай айчыннай вайне
Ідуць у атаку
Лясныя салдаты,
Грукочуць гранаты,
Грымяць аўтаматы:
- Жыве Беларусь!
- Жыве!
Разважаючы, чаму бел-чырвона-белы сцяг падчас пратэстаў хутка стаў масавым сімвалам, гісторык згадвае пачатак пратэсту, калі шмат хто з маладых людзей выходзіў з двума сцягамі – афіцыйным чырвона-зялёным і бел-чырвона-белым. Для шырокіх колаў моладзі, якая вырасла за часы кіравання Лукашэнкі, афіцыйны сцяг быў даволі нейтральным – пад ім выступалі спартсмены, служылі людзі ў войску, ён быў прадстаўлены падчас міжнародных сустрэчы і гэтак далей. Але гэтая практыка хутка спынілася. Бо ўлады пачалі наўмысна дэманстратыўна вывешваць на аўтазакі афіцыйны сцяг. Так ён стаў сімвалам гвалту і беззаконня.
– Сама ўлада распальвае тое, што можна назваць «вайной сцягоў». Бо калі сцяг вывешваюць на аўтазаку, то ён робіцца сімвалам паліцэйскага гвалту. Людзей арыштоўваюць за дэманстрацыю, за права выказваць свае думкі. І ўсё – з гэтага моманту няма шанцаў для чырвона-зялёнага сцяга быць сімвалам дэмакратычнай Беларусі, – гаворыць гісторык.
Сустрэча з гісторыкам Андрэем Катлерчуком адбывалася ў прасторы Беларускага моладзевага хабу ў Варшаве.
Слухайце матэрыял у далучаным файле!
вх