«Гістарычная падзея завяршаецца не тады, калі яна скончаная, а калі пра яе напісалі». У Празе прэзэнтавалі кнігі Ўладзімера Арлова
2023-08-24 10:12
У «Беларускай клюбоўні» ў Празе перад беларусамі выступіў беларускі пісьменьнік Уладзімер Арлоў, які прэзэнтаваў дзьве свае новыя кнігі.
Першая — «Айчына», якая мае падзагаловак «Ад Агінскага да Багушэвіча» і ахоплівае гісторыю Беларусі XIX стагодзьдзя. Гэта працяг кнігі «Айчына», выдадзенай некалькі гадоў таму («Ад Рагнеды да Касьцюшкі») з ілюстрацыямі Паўла Татарнікава.
Другая —
зборнік выбранай лірыкі Арлова, укладзены
Лявонам Баршчэўскім.
Прадстаўляючы «Айчыну»,
Уладзімер Арлоў нагадаў погляды на гісторыю, выказаныя ў свае часы рознымі аўтарамі:
«Мне блізкі падыход аўстрыйскага пісьменьніка Стэфана Цвайга, які сказаў, што гістарычная падзея завяршаецца не тады, калі яна скончаная, а калі пра яе напісалі і калі яна зрабілася часткай гістарычнай памяці», — сказаў пісьменьнік і адзначыў, што менавіта ў гэтым ён бачыць сваю цяпершанюю місію.
Уладзімер Арлоў распавёў праскім беларусам пра малавядомыя эпізоды беларускай гісторыі, зьвязаныя ў тым ліку з паўстаньнем Кастуся Каліноўскага, а таксама прачытаў выбраныя вершы з новай кнігі паэзіі і падпісаў свае кнігі праскім беларусам.