- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У 2003 г. спаўняецца 750 год важнай падзеі ў гісторыі Беларусі і Літвы – каранацыі Міндоўга. У нас ёсць магчымасць параўнаць, як адзначалася гэтая падзея ў гэтых сёння сувярэнных дзвух частках некалі адзінага Міндоўгавага каралеўства. У Літоўскай Рэспубліцы яна традыцыйна адзначалася на дзяржаўным узроўні. У сувязі з юбілеям была выпушчана паштовая марка з выявай Міндоўга, выбіта манета вартасцю 200 літаў, праведзены навуковыя канферэнцыі і выдадзены манаграфіі. У Рэспубліцы Беларусь улады правялі толькі міжнародную навуковую канферэнцыю “Станаўленне Вялікага княства Літоўскага. (Да 750-годдзя каранацыі Міндоўга)”, а грамадскі камітэт па святкаванні 750-годдзя каранацыі Міндоўга змог правесці ў Менску толькі мастацкую выставу і невялікі канцэрт. Ня дзіва, што такія даволі сціплыя факты трапілі ў дзясятку грандыёзных мыльных бурбалак 2003 г., якая была складзена рэдакцыяй газеты “Наша ніва”. У сувязі з гэтым мы вырашылі аддаць старонкі “ГL” цалкам гэтай асобе і тагачасным падзеям. Па-першае, таму што абяцалі. Па-другое, таму што, як той казаў, за дзяржаву крыўдна. Аднак, высвятлілася, што зрабіць такі тэматычны нумар часопісу даволі складана – з-за адсутнасці ў Беларусі гісторыкаў, якія маглі б напісаць нейкі арыгінальны тэкст па юбілейнай тэме. Маем на ўвазе не гісторыкаў увогуле, такіх хапае, а гісторыкаў-медэевістаў.