Георгі Рой: Наш Гасподзь – гэта Гасподзь свабоды
2023-04-07 12:56
У нашым эфіры пабываў протаіерэй Георгі Рой.
РР: Стала вядома, што Вы з’ехалі з Беларусі.
– Атмасфера ў Беларусі зараз няпростая, бо прапагандай нагнятаецца нянавісць. Абвостраныя настроі, многа праваеннага, пераслед людзей за іх палітычныя погляды. Гэта ўсё канешне стварае такую цяжкую атмасферу. Гэта тое, што не дазваляе чалавеку адчуваць сябе спакойна ў гэтай сітуацыі.
РР: Вайна ва Украіне таксама не адпавядае хрысціянскаму вучэнню.
– Вайна адназначна злачынная, агрэсія Расеі супраць Украіны. Гэта бяда, якая прынесла пакуты мільёнам людзей. Нармальны чалавек не можа з гэтым згадзіцца. Канешне гэтая вайна ніяк не можа быць згоднай з хрысціянскай навукай і вучэннем праваслаўнай царквы. Напрыклад, калі ўзяць літургію праваслаўнай царквы, то мы чуем падчас літургіі, што там пастаянна гучыць тэма міру. Пра мір у самой літургіі гаворыцца разоў дваццаць. Канешне калі хрысціянін удзельнічае ў літургіі і чуе вось гэту малітву пра мір і благаславенне мірам, а потым неяк апраўдвае і падтрымлівае вайну, то гэта канешне абсалютны дысананс.
РР: Сумесна з айцом Аляксандрам Кухтам вы звярнуліся да Патрыярха Канстанцінопаля Варфаламея з просьбай. Якая гэта просьба, скажыце калі ласка?
– Мы звярнуліся з просьбай прыняць нас у склад кліру Канстанцінопальскага Патрыярхату, каб мець магчымасць служыць тут у Вільні, сабраць беларускую праваслаўную грамаду, служыць пад амафорам Усяленскага Патрыярха Варфаламея. Свяцейшы Патрыярх прыняў нашыя прашэнні, адказаў згодай і вось мы прынятыя ў лік святарства Канстанцінопальскага Патрыярхату. Дзякуючы гэтаму мы можам непасрэдна займацца святарскім служэннем, а таксама служыць па-беларуску, служыць беларускай грамадзе Вільні ў Літве.
РР: Што б Вы, як святар і як чалавек, маглі сказаць усім, хто зараз змагаецца?
– Я лічу, што свабода і сапраўднае змаганне за свабоду, яно пачынаецца ў сэрцы чалавека, у яго душы, у яго думках. Тыя людзі, якія зараз мужна нясуць сваё служэнне, хто ў акопах, хто ў шпіталях, хтосьці ў турме, гэта гаворыць пра тое, што гэтыя людзі жывуць свабодай і змагаюцца за свабоду. Я зычу Божай дапамогі, бо адзін з найвялікшых дароў, які дае нам Усявышні, гэта дар свабоды. Я зычу, каб у гэтыя велікодныя дні, напярэдадні страсной сядміцы гэта ўсё дадзена нам Царквой для таго, каб мы змагаліся за сваю ўнутраную свабоду, якая выражаецца ў свабодзе нашых дзеянняў, грамадства. Наш Гасподзь – гэта Гасподзь свабоды. Я зычу ўсім вось гэтай унутранай свабоды і свабоды ў нашым звычайным жыцці.
Беларускае Радыё Рацыя