«Геена вогненная» – другое выданне
2025-01-29 21:58
Пабачыла свет другое выданне рамана Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном». Літаральны пераклад загалоўка: «Геена вогненная» ці папросту пекла, у якім (у вечным страху быць арыштаванымі, апынуцца ў турмах, у лагерах, у Курапатах) пражылі сваё жыццё персанажы рамана. І ў якім тысячы беларусаў неспадзявана апынуліся сёння….
Гэта раман пра Беларусь і беларусаў. Пра Янку Купалу. Пра ягоны лёс, таямніцу ягонай гібелі ў гатэлі «Масква». І аўтар вядзе нас да гэтай таямніцы. Але ці адкрывае яе паўнасцю..?
У рамане шмат момантаў з багатай і часам неадназначнай аўтабіяграфіі самога Уладзіміра Някляева.
Да 15 лютага кнігу можна набыць
са зніжкай толькі на сайце нашай інтэрнэт-кнігарні
Kamunikat.shop
Раман мае дзве галоўныя сюжэтныя лініі. Цэнтральны герой першай – народны паэт Беларусі
Янка Купала, жыццё якога абарвалася ў чэрвені 1942 года ў сталіцы савецкай імперыі ў выніку падзення ў
лесвічны пралёт гатэля «Масква». Дакументы пра смерць Купалы дагэтуль засакрэчаныя, што дае падставы для некалькіх версій, хоць большасць даследчыкаў пагаджаюцца, што гэта было
арганізаванае спецслужбамі забойства.
Аднак Уладзімір Някляеў піша не дакументальнае расследванне, а раман, у якім волею аўтара забітага паэта ажыўляюць у сакрэтнай сталінскай лабараторыі. Янка Купала не толькі трапляе на ўласнае пахаванне, але і размаўляе ў высокіх крамлёўскіх кабінетах са сваімі магчымымі забойцамі, а таксама з самім Сталіным. У выніку паэт разам з аўтарам прыходзяць да высновы, што ў адносінах творцы і дэспатычнага ўладара магчымыя ўсяго два варыянты: скарыстаць ці ліквідаваць. Альбо ліквідаваць, папярэдне скарыстаўшы, што, па сутнасці, і адбылося з Янкам Купалам.
Галоўны герой другой сюжэтнай лініі рамана – малады
беларускі паэт Віктар Маргер, студэнт маскоўскага Літаратурнага інстытута, які вядзе багемнае жыццё, крыху дысыдэнтствуе, але найбольш франдзіруе, што выяўляецца і ў ягонай працы качагарам. Выпадковае знаёмства, а затым інтымныя стасункі з Ганнай, дачкой аднаго з кіраўнікоў СССР, набліжаюць Магера да ўлады і нараджаюць у яго фантазіі пра магчымасць паўплываць на далейшую хаду савецкай гісторыі. У прыватнасці, малады паэт марыць пра тое, каб змясціць з пасады Леаніда Брэжнева, які ўжо стаіць на парозе старэчага маразму. Урэшце такія наіўныя летуценні прыводзяць Віктара Магера да глыбокай душэўнай драмы.
У гэтым сюжэце выразна праглядаюцца падзеі з багатай і часам супярэчлівай
аўтабіяграфіі самога Уладзіміра Някляева (дарэчы, аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, а затым палітвязня), што толькі падагравае цікавасць да рамана.
Абедзьве сюжэтныя лініі мудрагеліста і метафізічна пераплятаюцца. Сярод герояў з’яўляецца як найвышэйшы суддзя Ісус Хрыстос, што яшчэ больш інтрыгуе чытача.
Адна з асноўных – і надзвычай важных для сённяшняга драматычнага перыяду ў гісторыі Беларусі – высноваў, да якіх падводзіць раман «Гэй бэн гіном»:
без асуджэння спадчыны таталітарнага сталінскага мінулага, без пакарання злачынцаў, без пакаяння
гісторыя можа паўтарыцца зноў.
І ў Беларусі яна паўтараецца проста на нашых вачах, прычым (насуперак вядомаму выслоўю) паўтараецца зусім не ў выглядзе фарсу, а зноў у выглядзе трагедыі: ламае тысячы і тысячы лёсаў, забірае чалавечыя жыцці, робіць няпэўнай будучыню краіны і яе незалежнасць. Улада зноў ваюе з творцамі, зноў складаюцца спісы «крамольных» літаратараў і «крамольных» твораў.
Менавіта таму раман «Гэй бэн гіном» не мог быць выдадзены кнігаю ў Беларусі. Ці больш дакладна - ён быў выдадзены зусім невялікім тыражом і амаль не разпаўсюджваўся.
Пад шыльдай Фонду Kamunikat.org у Беластоку з’явілася другое выданне гэтага рамана. Да канца вакацыяў раман «Гэй Бэн Гіном» выйдзе таксама ў фармаце аўдыё. Над агучкай працуюць купалаўцы Крысціна Дробыш, Алег Гарбуз і Сяргей Чуб.
«Гэй Бэн Гіном». З Уладзімірам Някляевым размаўляе Алесь Аркуш
Прэзентацыя першага выдання рамана Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном» у Беластоку, 01.12.2021